З творчасцю гэтага пісьменніка звязана ўсё маё жыццё. Першы гістарычны твор, прачытаны мною па-беларуску яшчэ ў дзяцінстве, —яго твор.
Памятаю, кніг у 1980-я не хапала. Мой дзядуля рабіў з часопісных варыянтаў пераплеценыя выданні. Першай такой кнігай, якая тады захапіла мяне, быў раман «Меч князя Вячкі» Леаніда Дайнекі — у белым ільняным пераплёце, з назвай, напісанай чорным фламастарам па белай паперы, наклеенай на вокладку. Як жа я марыла атрымаць у сваю бібліятэку сапраўдную кнігу пісьменніка!
Як і шмат хто ў тыя гады, я збірала бібліятэку і вяла каталог, занатоўваючы назвы ў алфавітным парадку. І вось у маёй бібліятэцы з’явіліся доўгачаканцы — «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1993). Я хацела пазнаёміцца з творчасцю любімага пісьменніка бліжэй, таму пачала перачытваць іншыя яго раманы — «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983). Адназначна: цікавасць да беларускай літаратуры і гісторыі звязана ў мяне з творчасцю гэтага таленавітага чалавека, які змог захапіць сваімі раманамі падлеткаў майго пакалення.
***
Леанід Марцінавіч Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў 1956 годзе працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. Скончыўшы тэхнічнае вучылішча ў Ніжнім Тагіле (1959), уладкаваўся на працу на металургічны камбінат. У пачатку 1960-х вярнуўся ў Беларусь і паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля вучобы працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, пераехаўшы ў Мінск — на Беларускім тэлебачанні, пазней — адказным сакратаром часопіса «Маладосць», загадчыкам рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Ён член Саюза пісьменнікаў СССР і член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Творчую дзейнасць пачынаў як паэт. Першы верш апублікаваў у 1961 годзе ў газеце Уральскай ваеннай акругі «Красный боец». Выдаў паэтычныя зборнікі «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» (вершы і паэмы, 1989).
Ужо ў першых сваіх вершах Леанід Дайнека звяртаўся да гісторыі Беларусі — быццам прадчуваючы, што хутка гістарычная тэма стане галоўнай ў яго творчасці. Вось адзін з вершаў паэта са зборніка «Галасы» (1969), тут аўтар апавядае пра гісторыю, якую нясуць старажытныя камяні:
Камяні, камяні —
Ціхай вечнасці жорны…
Не згасаюць агні
У вачах непакорных.
Камяні, камяні
На крывавых палосках…
На гарачым кані
Праляцеў Каліноўскі.
З-за дрымучых бароў
Сонца выблісне рана.
Звонкі гром капытоў
Шчэ жыве за курганам.
Камяні, камяні —
Наша памяць жывая.
Хай праносяцца дні,
Хай вякі праплываюць —
Толькі родзяць палі,
Кветкі шчасцем буяюць…
На радзімай зямлі
Камяні размаўляюць.
Паэта заўсёды цікавілі гісторыя продкаў і паходжанне ўласнага прозвішча. У ранняй паэме «Песня белага снегу» (у зборніку вершаў «Начныя тэлеграмы») раскрыта яго значэнне. І зноў патлумачана ў «Герадоцінках-16»: «Маё прозвішча — незразумелае на першы погляд. Сапраўды, што такое Дайнека? Ад слоў «даваць», «даіць»? Ды ў звязку з апошнімі падзеямі ва Украіне я лічу, што прозвішча маё паходзіць ад гераічных дайнекаў (варыянты — дэйнэкі, дзейнекі), украінскіх казакоў, узброеных дубінамі і баявымі цапамі. Напрыканцы XVII стагоддзя рух дайнекаў ахапіў амаль усю левабярэжную Украіну. Адным з іхніх водцаў быў славуты Марцін Пушкар».
У гутарцы з Алесем Марціновічам Леанід Дайнека тлумачыў свой зварот да празаічных твораў: «Я пісаў паэзію, пачаў пісаць прозу. Не задумваўся, чаму так атрымалася. Пачуцці, што перапаўнялі мяне, уражанні, назіранні рваліся на волю. І ўсё-такі, калі быць гранічна шчырым, проза, на маю думку, з’яўляецца больш высокай ступенню літаратуры. У паэзіі не ўсё можна выказаць, у прозе можна выказаць усё».
Ён пачаў з апавяданняў. Зборнік «Бацькава крыніца» (1976) — яго першая эпічная кніга, у ёй пісьменнік паказаў жыццё людзей свайго часу з іх хваляваннямі, трывогамі і радасцямі. Леанід Дайнека думае пра будучыню і мінулае, пра родную старонку. А з цягам часу становіцца майстрам беларускіх гістарычных раманаў, якія разыходзяцца і за межы Беларусі. Яны здзіўляюць рэалістычнасцю і захапляльнасцю, арыгінальнасцю мовы. Леанід Дайнека — лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1990) — за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».
«Даўно мне хацелася напісаць пра беларускую мінуўшчыну...
Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзясяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі», — такімі словамі пачынаецца «Меч князя Вячкі». Сапраўды, зварот да гістарычнай тэматыкі патрабуе сур’ёзнага разважання, працы з архіўнымі дакументамі, глыбокага ведання мінуўшчыны. Аўтар распавядае пра тое, як ён рыхтуецца да напісання новага твора: «Пачынаючы працу над кнігай, вывучаю матэрыяльную культуру таго часу, асабліва цікаўлюся, што людзі апраналі, што елі і пілі, на якіх музычных інструментах ігралі, у якіх дамах жылі, якія кніжкі чыталі. Шмат працую ў архівах і бібліятэках…». У кнігах пісьменніка адчуваецца глыбокае веданне культуры людзей тых часоў, якія ён апісвае. Ён імкнецца быць як мага бліжэй да гістарычнай праўды.
Пра першыя кнігі Леаніда Дайнекі даследчыкі яго творчасці пісалі мала. Гэта была толькі проба пяра. Бывае, што першы твор становіцца найлепшай працай аўтара, аднак з Дайнекам так не адбылося — такімі былі ўжо сталыя працы пісьменніка-раманіста.
«Людзі і маланкі» (1978) — першы раман пісьменніка. Апавядае пра падзеі Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама падзеі паслярэвалюцыйныя — калі адбываўся Усебеларускі ўстаноўчы сход. У 1970-я, у час напісання рамана аўтар быў вымушаны падпарадкавацца схематызму савецкай літаратуры. У творы яўна бачыцца падзел на станоўчыя і адмоўныя вобразы.
Усебеларускі ўстаноўчы сход паказаны вачыма простага селяніна, які не разумее, што адбываецца і чаго хочуць дэлегаты. Добра відаць прыхільнасць аўтара да бальшавікоў, якія адмаўляюцца ад незалежнай дзяржавы, імкнучыся да сувязі з магутнай Расіяй. Гістарычныя падзеі прасочваюцца ў творы праз жыццёвыя дарогі братоў — Кузьмы і Антона Радзімовічаў. Старэйшы, Кузьма, — вайсковец, прайшоў фронт, апынуўся ў Чырвоным войску. Ён упэўнены, што ідзе правільным шляхам, падтрымлівае бальшавікоў і свята верыць новай уладзе.
Паспрабаваў пісьменнік паказаць і «пошукі сябе» — праз вобраз Антона Радзімовіча. На мой погляд, гэты герой нечым нагадвае самога пісьменніка, выхадца з вёскі. Як пра сябе думае Антон, ён не падобны на ўсіх вяскоўцаў, яго цікавіць іншае. Да таго ж, яму спадабалася кніга пра Спартака, пра якога пісьменнік згадвае на працягу сваёй творчасці ў некалькіх творах.
«Запомнім сябе маладымі» (1981) — працяг рамана «Людзі і маланкі». Падзеі разгортваюцца ў гады змагання беларусаў з немцамі пасля захопу краіны кайзераўскімі войскамі. Лёс падзяліў братоў, яны апынуліся, як гавораць, «па розныя бакі барыкад». Кузьма змагаецца за савецкую ўладу ў партызанскім атрадзе, а ў канцы рамана трапляе ў Маскву на канферэнцыю беларускіх секцый РКП(б), дзе абмяркоўваецца стварэнне Беларускай Савецкай рэспублікі. Антона закруціў вір, ён адчувае, што яго ўсё глыбей засмоктвае, але змяніць нічога не можа. Паспеў папрацаваць і на немцаў, а ў канцы рамана заканчвае жыццё самагубствам, страціўшы надзею на выйсце.
Аўтар дэманструе нам цікавую асобу — рускага ўрача Барыса Аляксеевіча Лутошкіна, двараніна, гуманіста, талстоўца. Лёс закідвае яго ў Чмялі, дзе ён лечыць людзей і спрабуе жыць, як простыя сяляне. Але яго не прымаюць тут, адчуваючы непадобнасць да іншых. Цікавую думку выказвае аўтар вуснамі Лутошкіна. Доктар разважае пра лёс народа — беларусаў: «Дзе ж ён быў раней, гэты народ? Няўжо так моцна спаў?» Барыс Аляксеевіч не чуў раней пра такую нацыю, якая загучала цяпер, якая хоча незалежнасці.
Доктара пакахала сялянка Агапка — удава з дзіцём, салдатка. Яна прымае яго такім, які ёсць. У простай вёсцы, жывучы з Агапкай, Барыс Аляксеевіч адчувае сябе шчаслівым. Аднак такім ціхім і мяккім, як ён, цяжка даводзіцца ў час вайны. Доктар трапляе ў пастку, яго забіваюць нямецкія паслугачы.
Абодва раманы выклікаюць цікавыя думкі-развагі — пра лёс чалавека, яго прызначэнне, каханне і справядлівасць.
У 1990-я беларускія гісторыкі і пісьменнікі пачынаюць звяртацца да гісторыі Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага — сівой даўніны. Адным з паслядоўнікаў Уладзіміра Караткевіча стаў Леанід Дайнека — менавіта з яго імем даследчыкі звязваюць узнікненне ў беларускай літаратуры гістарычнага раманнага цыкла. «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды» пераносілі чытача ў глыбокую старажытнасць.
Аўтар звяртаўся да «Хронікі Лівоніі», гэта выразна бачна ў рамане «Меч князя Вячкі» (1987), што ўзнавіў сваімі старонкамі вобраз легендарнага князя, які кіраваў Кукейносам і бараніў заходнія землі Полацкага княства ад нападу крыжакоў. Леанід Дайнека з дапамогай творчай фантазіі стварыў шырокі вобраз народа таго часу. Як ён жыў, як змагаўся. Хоць пісьменнік на той час толькі пачынаў пісаць актыўна, але на ягоным рахунку ўжо было тры раманы. Таму твор атрымаўся цікавым.
«След ваўкалака» (1988) распавядае пра княжанне Усяслава Чарадзея. У гэтым творы пісьменнік апісвае героя маштабна — адчуваецца глыбокі падыход. Магчыма, гэта звязана з больш раскрытым вобразам вядомага князя ў гістарычнай літаратуры ўвогуле, з шырокім доступам да шматлікіх крыніц.
І раман «Жалезныя жалуды» (1993) узнаўляе старажытныя часы нашай дзяржавы — пачаткі Вялікага княства Літоўскага і яго стваральніка — Міндоўга, пра якога на сёння таксама напісана шмат. Аднак пісьменнік звяртаецца да героя не толькі як да кіраўніка дзяржавы, але і як да чалавека жорсткага, непахіснага. Для князя галоўнае — палітычнае становішча. Таму ён, у залежнасці ад сітуацыі ў краіне, некалькі разоў мяняе веру, не адчуваючы згрызотаў сумлення. Спроба паказаць глыбей вобраз Міндоўга-чалавека назіраецца і ў аповесцях Юрыя Татарынава «Роковая страсть короля Миндовга» (2013) і Канстанціна Тарасава «Апошняе каханне князя Міндоўга» (2000). Але ў гэтых творах адчуваецца значнае розначытанне гісторыі кахання Міндоўга. Па-рознаму прадстаўлены вобразы яго жонак. Але ж мы не можам канстатаваць нейкую пэўную ступень праўдзівасці гісторый кахання гістарычных асоб у мастацкіх творах. Кожны падае тут свой варыянт.
Да гістарычнага цыкла Леаніда Дайнекі звярталіся многія крытыкі, таму напісана пра іх шмат, мяне ж цікавяць тыя старонкі з творчасці пісьменніка, якія раскрыты мала.
У пачатку 1990-х Леанід Марцінавіч ставіў перад сабой мэту напісаць гістарычны цыкл з дзесяці кніг. У яго гутарцы з Алесем Марціновічам дакладна адчуваецца жаданне напісаць новы раман, прычым, аўтар ведае ўжо назву — «Гарады не здаюцца». Гэты раман павінен быў апавядаць пра Давыда Гарадзенскага, паплечніка Гедыміна. Ён жыў у першай палове ХІV стагоддзя, не пацярпеў ніводнага паражэння, паспяхова абараняў ад крыжакоў Гародню і Навагародак. Аднак раман з такой назвай не выйшаў.
На доўгі час пісьменнік спыніў свае спробы. Прыйшлі знакамітыя 1990-я, перыяд перабудовы і прадпрымальніцтва. Адкрываліся прыватныя фірмы, людзі спрабавалі зарабляць грошы на лепшае жыццё для сваіх сем’яў. Усе памятаюць галодныя гады 1991-ы і 1992-і, калі адразу пасля распаду СССР апусцелі крамы, а працы стала менш. Тым не менш людзі адчулі вызваленне ад дзяржаўнага адміністрацыйна-каманднага кіравання. Не абышоў гэты час і Дайнекаў. Актыўны Леанід Марцінавіч рушыў у бізнес. У вёсцы Жажэлка Смалявіцкага раёна вырас гарэлачны завод БЕЛПІ, якім валодаў пісьменнік з трыма сынамі. Завод распрацаваў вытворчасць старажытнага літоўскага пітва — «Крамбамбулі» з рознымі напаўненнямі. На кожнай бутэльцы было адзначана — «Глыток гісторыі», а дэвіз кампаніі быў: «Праз адраджэнне нацыянальных традыцый да росквіту Беларусі».
Як вызначаў Міхась Скобла, «і ў гарэлачным бізнесе Л. Дайнека практыкуе творчы падыход: вынайдзены ім напой «Крамбамбуля» карыстаецца попытам у нацыянальна свядомай моладзі». Цяпер прывезці ў падарунак з Беларусі пляшку старажытнай «Крамбамбулі» не атрымаецца, бо краіна страціла вытворцу нацыянальнага прадукту. Але на старонках новых раманаў Леаніда Дайнекі героі, асабліва шляхта, п’юць «Крамбамбулю» — нацыянальны беларускі напой.
У творах пісьменніка адчуваецца прадпрымальніцкая жылка. Ён актыўна рэкламуе сваю прадукцыю. Можна вызначыць новы элемент, які ўводзіць аўтар, — рэклама і антырэклама. Аўтар словамі свайго героя ў рамане «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» спрабуе растлумачыць, чаму не падабаецца яму назва беларускай настойкі «Бульбаш» канкурэнтнай вытворчасці: «Я разумею, чаму ў нашай краіне даюць зялёнае святло такім зневажальным назвам. Людзі-арганізатары гэтых піяр-кампаній хочуць праз назву аднаго з самых масавых прадуктаў увабіць у свядомасць усіх і кожнага, што беларусы — дзяржаўны негістарычны народ, што яны адпачатку толькі сяляне-мужыкі, толькі халопы, адным словам, бульбашы і няздольныя жыць сваім самастойным гаспадарствам».
Памятаю студзень 2010 года, марозны вечар, калі я па запрашэнні аўтара прыйшла на яго юбілейны вечар у Чырвоны касцёл. Сабраліся пісьменнікі, літаратуразнаўцы, неабыякавыя суайчыннікі, проста аматары твораў Леаніда Дайнекі. Зала маленькая, а людзей шмат. Некаторыя проста стаялі каля сцен, бо не хапала месца сесці. Мне спадабалася хатняя атмасфера ў зале, адчувалася, што многія ведаюць адзін аднаго. Нават простыя чытачы, якой была і я, пачувалі сябе тут утульна. Не было той няёмкасці, калі табе здаецца, што ты забрыў не туды. На сцэне выступалі пісьменнікі з рознымі падарункамі, успамінамі пра доўгае знаёмства. Чулася прыязнасць да Леаніда Марцінавіча, гэта былі шчырыя словы падзякі да чалавека, які адзначаў 70-годдзе. Аўтар падрыхтаваў для ўсіх музычныя падарункі, але выступалі не проста выпадковыя спевакі, а добра знаёмыя аўтару Алена Беланогая і гурт «Стары Ольса».
Потым, пасля юбілею, пісалі, што пісьменнік мог бы арганізаваць яго святкаванне і ў больш шыкоўнай зале. Сродкі яму дазвалялі, бо ўсё ж «ён разам з сынамі валодае гарэлачным заводам БЕЛПІ. Але для аўтара «Жалезных жалудоў» і «Мяча князя Вячкі» гэта было сімвалічна. Бо Леанід Дайнека толькі пару гадоў таму пачаў хадзіць у касцёл». Мне здаецца, прычына магла быць і ў іншым. Як для мяне, вобраз гэтага пісьменніка больш нагадвае сціпласць, лаяльнасць. Гэта не той чалавек, які выхваляецца дасягненнямі.
Леанід Дайнека паспрабаваў звярнуцца і да фантастыкі — жанру, вельмі актуальнага сярод моладзі. Пакуль ім напісаны адзін фантастычны раман. Ён выйшаў у 1994 годзе. А ў 2014 годзе з’явілася новае выданне — «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» з серыі «Кніжная паліца школьніка». Стваральнік ВЭП — Вялікай Эры Плюралізму, Леанід Дайнека не толькі звяртаецца да мінулага, але і марыць пра будучыню. Ён намаляваў тэхнічна развітую будучыню, у якой магчымасці і здольнасці чалавека пашыраюцца, але прага да вывучэння і захавання спадчыны продкаў, гісторыі сваёй краіны — застаецца.
У рамане прагучала ісціна: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага чалавека, узятага паасобку. І не можа быць шчаслівай і вялікай краіна, у якой жыве ў няшчасці маленькі чалавек. Раман рэкамендаваны для пазакласнага чытання вучням сёмага класа.
На сёння гэта самае свежае кніжнае выданне твораў Леаніда Дайнекі, нягледзячы на тое, што пісьменнік працягвае пісаць. У Санкт-Пецярбургу ў 2012 годзе былі перавыдадзены на рускай мове раманы «Меч князя Вячки», «Тропой Чародея», «Железные желуди». У бібліятэкі Беларусі яны не трапілі.
Хочацца адзначыць нязгасны энтузіязм Леаніда Дайнекі ў апошні час, калі ён пачаў ствараць новыя раманы: «Назаві сына Канстанцінам» (2010, у часопісным варыянце выйшаў у 2008 годзе), «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» (пакуль толькі ў часопісе, у 2010 годзе). Пісьменнік працягвае працаваць, размяшчаючы новыя раманы на ўласным сайце daineka.by.
Як адзначала Люміла Рублёўская: «Пока ведутся споры об освоении белорусской литературой Интернета, у Леонида Мартиновича давно действует персональный сайт, на котором размещены и романы, и стихи, и «геродотинки» — остроумные миниатюры».
«Герадоцінкі» аўтар выкладвае штогод, яны напоўнены вершамі, успамінамі, анекдотамі, развагамі пісьменніка над лёсам краіны. І як я не люблю чытаць творы такога кшталту, а ў «Герадоцінках» бачу мудрыя і цікавыя рэчы. Не дзіва, што назва гэтага аўтарскага штогодніка нясе ў сабе імя вялікага мысліцеля.
На сайце пісьменніка з’явіліся раманы «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2011) і «Ілоты» (2015). Аўтар працягвае ствараць гістарычныя раманы, аднак пад уплывам сучаснай моды насычае творы неверагоднымі здарэннямі і прыгодамі.
Асабліва захапляе раман «Назаві сына Канстанцінам» (2010), які можна назваць фантастычным, які ўзнаўляе міфічную ідэю паходжання ліцвінаў ад князя Палемона. У сувязі з гэтым праз увесь раман праходзіць гісторыя існавання Ордэна святога Палемона, уплыў яго на гісторыю дзяржавы, змаганне яго членаў за волю і незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага. Канстанцін Тарасаў у аповесці «Апошняе каханне князя Міндоўга» таксама згадвае гэту легенду пра «вылічэнне продкаў ад агульнага ўсім князям прашчура князя Палемона, які з’явіўся недзе з-за мора».
Нягледзячы на тое, што аўтар знаёміць нас з гісторыяй Беларусі, кожны яго наступны раман напоўнены новай інфармацыяй аб жыцці іншых краін і народаў. Тут аўтар распавядае пра Турцыю: пра з’яўленне янычараў і жыццё жанчын у султанавым гарэме.
Фактычна раман падзелены на дзве часткі. Першыя два раздзелы распавядаюць пра Марціна Жабыка-Жэмбу і яго каханую Зосю Квяцінскую. Падзеі адбываюцца ў 1452 годзе, калі маладыя ліцвіны на чале з Марцінам адпраўляюцца ратаваць Канстанцінопаль, хрысціянскую святыню, ад турэцкага нашэсця. Перад паходам героі трапляюць «праз хронадзірку» ў старажытны Канстанцінопаль, у часы Канстанціна Вялікага — першага імператара, які пабудаваў у сталіцы Святую Сафію. А перад вяртаннем у свой час атрымліваюць ад імператара ў падарунак штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёна з выявай арла. У часы выпрабаванняў дзіўная птушка ажывала і дапамагала ім.
Другая частка рамана распавядае ўжо пра іншы час — год 1507-ы. І падзеі адбываюцца ў Вялікім Княстве Літоўскім. Нашчадак Марціна Жабыка-Жэмбы, яго ўнук, таксама Марцін у сваім часе становіцца новым Палемонам, які аднаўляе Ордэн. Разам з сябрамі ён спяшаецца на дапамогу трэцяму Канстанціну (Астрожскаму). Гэта чалавек, які зможа змяніць гісторыю, дапамагчы сваёй краіне. У канцы рамана прасочваецца сувязь з імем Канстанцін, якое атрымліваюць знакамітыя людзі краіны. Народзіцца яшчэ два вялікіх Канстанціна, якія здолеюць паўплываць на гісторыю Беларусі, — Кастусь Каліноўскі і Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).
Што ж зноў падказвае, што гэта не проста гістарычны твор? Вера сялян у маленькі народ, які жыве ў лесе. Легенда пра Хлопчыка з Залатым зубам, які можа шукаць скарбы, а жыве ён ужо больш, чым цягнецца чалавечае жыццё. Такі Хлопчык павінен дапамагчы знайсці святыні Ордэна, якія былі недзе схаваны. Сапраўды фантастычная гісторыя!
Я не змагла застацца проста чытачом і не ўключыцца ў палеміку, якая распачалася паміж крытыкамі М. Дубоўскім і Ц. Чарнякевічам вакол рамана «Назаві сына Канстанцінам» у 2009 годзе, калі раман выйшаў у часопісным варыянце. У 2010 годзе, пасля выдання кнігі, далучылася яшчэ і адмоўная рэцэнзія Я. Конева.
Як піша М. Дубоўскі пра кнігі Л. Дайнекі, яны не залежваюцца на паліцах кнігарняў. Сапраўды, кніга з накладам у 2000 экзэмпляраў разышлася хутка. Я вельмі хацела атрымаць яе ў сваю бібліятэку. Працуючы ў Нацыяналцы, убачыла яе ў фондах, павіншавала аўтара. Праз амаль пятнаццацігадовы перапынак у пісьменніцкай дзейнасці аўтар прадставіў зусім новы твор. Але поўны жывасці, авантурных прыгод, і чытаўся ён вельмі лёгка. Аўтар змог трапіць у плынь новай, сучаснай літаратуры. А што важна для твора? Жывасць, займальны сюжэт. Разам з тым раман знаёміць з пэўнымі падзеямі ў гісторыі. Зразумела, што ён напоўнены выдумкай. Крытыкі шмат гавораць пра гістарычныя рэаліі рамана, забываючы, што гэта ў першую чаргу мастацкі твор, а не навуковае даследаванне, і аўтар можа сам вырашаць, як падаваць падзеі ў сваім творы. Чытачы, зразумела, успрымаюць раманы як гістарычныя прыгоды. А маладое пакаленне вывучае гісторыю па падручніках і навуковых выданнях, а не па гістарычных раманах. У такіх творах не заўсёды зразумела, ці ў адпаведнасці з рэальнымі падзеямі ідзе аповед. Будучы філолагам-беларусаведам, шмат папрацаваўшы ў школе, магу дакладна сказаць, што дзяцей прыцягваюць неверагодныя падзеі, «скачкі праз хронадзіркі ў часе» (што і адбываецца з героямі твора), а не сухія гістарычныя факты. Леанід Дайнека — пісьменнік, які піша для дзяцей.
Не менш неверагодным падаўся мне раман «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка», які зноў распавядае пра сучасны перыяд і часы Вялікага княства Літоўскага.
Звесткі пра лісоўчыкаў знаходзім і ў В. Ластоўскага, які з’яўляўся рэдактарам часопіса «Крывіч». У «Крывічы» ў №1 за 1923 год размяшчаецца пераклад урыўка з польскай паэмы «Władysław IV król Polski i Szwedzki» (1649):
Лесоўчыкі
Лесоўчык ваюе, што пажар бушуе,
Бы вясной паводка, ён усё раўнуе…
Як адзначаў Ластоўскі, «Лесоўчыкі — названьне лёгкай беларускай кавалерыі-казацтва, якое ў адрозненне ад Украінскага, нізавога казацтва («Нізаўчыкоў»), насіла названьне — «Лесаўчыкі». Польскія гісторыкі выводзяць названьне гэтай кавалерыі ад імяні аднаго з галасных у пачатках ХVII ст. атаманаў Лесаўчыкоў, беларускага шляхціца Аляксандра-Язэпа Лісоўскага-Яновіча. У часе бунту Зэбржыдоўскага Лесаўчыкі сталі супраць караля Жыгімонта ІІІ, за што яны, разам з атаманам, былі асуджаны на выгнаньне».
У кожны свой раман пісьменнік укладвае душу, тут жывуць падобныя да яго героі. Таму вельмі ярка ўспрымаецца вобраз пісьменніка Антона Даніловіча-Гоцкага, які нагадвае самога аўтара. Гэта таксама пісьменнік, які калісьці ствараў вершы, а цяпер піша гістарычныя раманы.
Ішлі цяжкія гады крызісу, калі развальваліся фірмы, прадпрымальнікі заставаліся без працы, увогуле, час быў цяжкі для простага народу. У рамане аўтар распавядае пра лёсы чатырох герояў, якім наканавана сустрэцца. Крызіс паставіў іх у цяжкае становішча. У кожнага свая трагедыя. У выніку яны разумеюць, што лёс для чагосьці іх аб’яднаў, што яны павінны быць разам. Антон Даніловіч-Гоцкі пісаў гістарычны раман пра лісоўчыкаў, якімі становяцца нашы героі. Прынамсі, яны сябе адчуваюць такімі. Аб’яднаўшыся, едуць працаваць на фірму «Дуга Струвэ» да Аляксандра Лісоўскага — нашчадка палкоўніка, які вёў лісоўчыкаў у бой. Тут яны сапраўды ўспрымаюць сябе лісоўчыкамі. Падчас навальніцы адбываецца нешта, што пераносіць герояў у старажытнасць.
Другая частка распавядае пра Смутныя часы, прыход да ўлады Лжэдзмітрыя І і Лжэдзмітрыя ІІ. Змены ўлады ў Маскоўскай дзяржаве ўплывалі і на Вялікае Княства Літоўскае. Пачаліся войны, спачатку са Швецыяй, потым войскі ліцвінаў пайшлі на дапамогу Лжэдзмітрыю ІІ. Вось у гэтыя часы і ствараецца войска Лісоўскага, якое змагаецца супраць шведаў, а потым ідзе ўглыб Маскоўскай дзяржавы. Тут мы і сустракаем герояў рамана, якія рознымі шляхамі трапляюць у войска палкоўніка, а там становяцца паплечнікамі і сябрамі.
Можна адзначыць дваістыя адносіны да палкоўніка Лісоўскага. З аднаго боку — мужны ваяр, патрыёт, рызыкуе жыццём дзеля справы. А з другога — чалавек без сэрца.
Увогуле, трошкі незразумелая і нечаканая канцоўка рамана. Пасля гераічных подзвігаў, якія здзейснілі героі, яны зноў вяртаюцца ў ХХІ стагоддзе. Прайшло ўжо восем гадоў. На Беларусі новае жыццё, яна ўступіла ў Еўразвяз. Акрамя таго, змяніліся людзі: яны на дзіва вясёлыя і прыветныя. Здаецца, гэта мара пісьменніка пра лепшую для краіны будучыню.
«Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2011) — раман пра Язафата Кунцэвіча, вялікалітоўскага царкоўнага і палітычнага дзеяча, уніяцкага святара, забітага ў 1623 годзе ў Віцебску і прылічанага да святых каталіцкай царквой. Сам пісьменнік тлумачыць, дзеля чаго пісаўся гэты раман: «Я пачаў пісаць гэтую кнігу (адразу заяўляю і заяўляю з усёй магчымай шчырасцю!) дзеля рэабілітацыі Ясафата Кунцэвіча, вуніяцкага арцыбіскупа Полацкага і Віцебскага, які нарадзіўся ў сям’і шаўца ў месце Уладзіміры (сёння Украіна, а ў той час — Рэч Паспалітая) у 1580 годзе. Зазначу, што мой герой ужо даўно рэабілітаваны — каталіцкі касцёл аб’явіў яго святым пакутнікам за веру».
Аўтар паказвае вобраз галоўнага героя, пачынаючы з яго дзіцячых гадоў. Гэта быў адзіны сын (было яшчэ дзве дачкі) у шавецкай сям’і, якому бацька хацеў перадаць майстэрню. Бо, як і ў любой сям’і, сын становіцца нашчадкам бацькавай справы. Хлопчык нарадзіўся з радзімкай пад грудзьмі, якая гаварыла пра тое, што нарадзіўся святы чалавек. Сапраўды, бацькава праца была яму нецікавая, хлопчык прагнуў вучыцца, а вышэй за ўсё быў для яго Бог. Вельмі паўплывала на яго кніга, падораная шляхціцам Каспарам Швайкоўскім (Жаўнерыкам). Кніга пра святога мучаніка Джыралама Саванаролу. На ўсё жыццё быў закладзены ўплыў, наканаваны быў будучы лёс: Язафат быў забіты як Саванарола і стаў святым мучанікам за сваю веру. Чаму ж твор быў так названы? — «Той, каго ўдарылі па шчацэ».
У час вучобы будучага святога ў Віленскай праваслаўнай школе здарыўся такі эпізод. Ладзілася інсцэніроўка Святога Пісання. Усе ведаюць запаведзь Хрыста: «Калі цябе б’юць па адной шчацэ, падстаў другую». Але Іван не падставіў другую шчаку, не стаў мірыцца з абразай. Гэты выпадак акрэсліў характар будучага святара, які будзе гвалтоўна насаджаць сваю веру, а не мірыцца з верай іншых, упарта ісці да сваёй мэты.
Пасля прыняцця ўніяцтва каля 1599 года Кунцэвіч становіцца гарачым прыхільнік веры. Ён уступае ў духоўную гвардыю, якая служыць аховай для Уніі. Кунцэвіч — сотнік, у яго пад рукою — сотня гарачых ваяроў. Стараннямі Іпація Пацея для гвардзейцаў была адчынена школа, у якой яны вывучалі Святое Пісанне, розныя мовы, філасофію і гісторыю. Асаблівая ўвага надавалася вайсковай справе. Гвардыя ахоўвала мітрапаліта ў яго паездках, мэта якіх была адна — схіляць да уніі праваслаўных вернікаў.
З запалам выконваў Кунцэвіч даручаную місію, не спыняючыся перад гвалтоўнымі метадамі. Непамяркоўнасць яго выклікала пратэст праваслаўных. Уніяты і католікі таксама асуджалі яго і перасцерагалі.
Праглядаючы інфармацыю пра Кунцэвіча, цяжка пацвердзіць, ці была такая духоўная гвардыя створана, ці быў ён сотнікам гвардзейцаў? Але ж перыяд, пакуль ён не прыняў манаства ў 1604 годзе, прапушчаны ў жыцці Язафата. Гэта дае падставу думаць, што ён мог дапамагаць Іпацію Пацею ў насаджэнні уніяцкай веры і такім чынам. Нездарма ж яго называлі «душахватам». Мог забіваць, а пазней зрабіцца красамоўцам, словам хапаць за душу, упэўніваць людзей у чым заўгодна.
У 1613 годзе Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, да 1617 года быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Шмат зрабіў для добраўпарадкавання апошняга, арганізацыі Базыліянскага ордэна. Па рэкамендацыі Я. Руцкага ў 1617 годзе прызначаны епіскапам віцебскім і адначасова каад’ютарам да полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага, чалавека старога і слабага. Пасля смерці Бральніцкага (кан. 1618) стаў полацкім архіепіскапам.
Але ж раман «Той, каго ўдарылі па шчацэ» не толькі паказвае нам актыўную дзейнасць Кунцэвіча па ўвядзенню уніі на землях Беларусі. Аўтар паспрабаваў раскрыць супярэчлівага чалавека, які марыў не толькі жыць дзеля краіны, але і кахаць, нарадзіць нашчадкаў. Як самы звычайны юнак, Іван сустракае каханне, якое нясе яму радасць, але застацца з каханай не можа. У Язафата і Юстыны Мярло нарадзіўся ўдалы хлопец Іван, які шаснаццаць гадоў не ведаў свайго бацьку. Калі яны сустрэліся, сын пайшоў з бацькам, каб служыць уніі. Адчуваючы адданасць справе, Язафат не імкнецца да славы. У яго адна мэта — моц краіны, якую ён бачыў у яднанні дзвюх вер, якія б далі незалежнасць ад Маскоўскага цара, ад Расіі.
Гісторык Вацлаў Пануцэвіч вызначаў, што «віной» Язафата былі нездаванне пазіцый ды стойкасць у выкананні пастырскіх абавязкаў, за якія ён гатовы быў аддаць жыццё сваё».
Вельмі неадназначны вобраз галоўнага героя, вельмі супярэчлівыя стаўленні да яго прыхільнікаў розных веравызнанняў. Але ж у 1867 годзе Папа Пій IX прылічыў Кунцэвіча да ліку святых. Папа Ян Павел ІІ назваў Язафата Кунцэвіча Апосталам Еднасці.
У рамане ўпершыню апісваецца незвычайны, на мой погляд, лад жыцця казакоў Запарожскай сечы. Жыццё іх падобна на жыццё качэўнікаў-татар. Яны жывуць казацкімі станамі ці абозамі. Гэтае качэўнае жыццё патрабуе сумеснага карыстання прадметамі быту, супольнага жыцця ў куранях (доўгіх будынінах, дзе казаку аддзяляецца толькі маленькі кавалак уласнага жытла). У тыя часы да казакаў, як і да качэўнай арды, прыводзілі прыгонных дзяўчат з Літвы, якія прадаваліся за вялікія грошы. З імі абыходзіліся тут, як і ў Ардзе. Менавіта гэтым і займаўся Швайкоўскі (Жаўнерык). Пазней ён паплоціцца ўласным жыццём за загубленыя душы.
Аднаму з герояў рамана — вучонаму немцу, доктару, аўтар дае сваё прозвішча. Гэта псеўданім, які выбраў герой, пачаўшы жыць у Рэчы Паспалітай, — Караль Дайнека. Магчыма, у нечым аўтар бачыць блізкасць гэтага вобраза да сябе.
Мова рамана займальная, яна не перанасычана гістарызмамі, хоць і апісваецца ХVІІ стагоддзе. Таму і малады чытач можа лёгка пазнаёміцца з творам. Аўтар не ставіў за мэту наблізіць да рэальна магчымага побыт людзей тых часоў. Таму і назіраецца шмат неадпаведнасцей. Таму і прызначаны гэты твор хутчэй для азнаямлення з жыццём нашых продкаў, чым для глыбокага вывучэння гісторыі.
Пры чытанні апошніх творы пісьменніка адчуваецца сувязь і ўзаемапранікненне падзей і герояў з аднаго твора ў другі.
Так, у рамане «Назаві сына Канстанцінам» галоўны герой належыць роду Жабыка-Жэмбаў, а з яго нашчадкам мы сустракаемся ў рамане «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка». З Язафатам Кунцэвічам ўпершыню знаёмімся ў рамане «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка», а пасля Дайнека стварае раман «Той, каго ўдарылі па шчацэ», дзе галоўным героем выступае менавіта гэты чалавек.
Вельмі цікава, што ў пісьменніка ў розных раманах сустракаюцца героі з падобнымі лёсамі, трошкі змененымі. Напрыклад, цяжкі лёс дзяўчыны-прыгажуні ў рамане «Людзі і маланкі». Падобны ж лёс напаткаў дзяўчыну ў творы «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка». Абедзве страцілі сваю прыгажосць і жорстка пакутуюць. Такіх падабенстваў шмат. Ці можна растлумачыць гэта ўласнай цікавасцю аўтара да асобных жыццёвых сітуацый, ці выкарыстаннем новых элементаў у раскрыцці гістарычных падзей?
Чытаючы новыя раманы Дайнекі, адчуваеш сувязь з папярэднімі творамі. Як абяцаў аўтар, ён працягвае раскрываць невядомыя старонкі гісторыі Беларусі.
«Ілоты» (2015) — гэта апошні на сёння, адзінаццаты раман пісьменніка. Кароткая гістарычная звестка: «ілоты — земляробы Старажытнай Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. Яны не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытворчасці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні ілотаў, самае буйное з іх — так званая 2-я Месенская вайна. З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый».
Ведаючы аўтара і тое, што ён піша пра гісторыю Беларусі, было дзіўна пачаць чытаць твор пра спартанцаў і ілотаў. Але з такім прыгнаным народам Старажытнай Спарты аўтар параўноўвае забіты беларускі народ, які доўгі час жыў падобным жыццём. Пра падзеі ў Месеніі і Спарце мы даведваемся падрабязна, бо галоўны герой рамана Зміцер Берагейка — настаўнік гісторыі, піша раман пра ілотаў. З дзяцінства Зміцер любіў чытаць кнігі, найбольш яго прывабліваюць гістарычныя прыгодніцкія раманы. Асабліва захапіў раман «Спартак», ад якога не мог адарвацца. Таму і вырас такі незвычайны, дасціпны, адукаваны юнак у сям’і простага пастуха. З дзяцінства адчуваў гэтую падпарадкаванасць вяскоўцаў, якія ў далёкія 1950-я былі прывязаны да зямлі, не мелі магчымасці выбіраць сабе лепшую долю. Таму так імкнуліся юнакі паступіць ў горадзе ў ВНУ, каб жыць лепш, чым прыгнечаныя калгаснікі, якія працавалі за рысачкі-працадні.
Але ж і ў самога пісьменніка назіралася цікавасць да Старажытнай Спарты. У адным з першых зборнікаў вершаў «Начныя тэлеграмы» змяшчаецца верш «Спартак»:
Яго мячамі пасекла
Шалёных ворагаў зграя.
Яшчэ не было пекла.
Яшчэ не было раю.
На захад ішлі аблокі.
І ў дзень той, глухі і шэры,
Было да свабоды далёка,
Далей, чым да нашай эры.
У сечы злой, рукапашнай
Упаў ён на дол зялёны.
Смяяліся хрыпла і страшна
Рымскія легіёны.
Ляжаў ён мужны і горды,
Сцяўшы крывавыя зубы.
Са смерцю прыйшла свабода,
Таемная, як Везувій.
Скончыліся прынукі.
Смерць — за свабоду плата.
Болей не пырсне на рукі
Кроў гладыятара-брата.
Змоўкне водгулле бою.
І шчасце,
што ён не ўбачыць,
Як кінуць слабыя зброю,
Зноў у ярме заплачуць.
Колькі яшчэ пакаленняў
Жыць без святла, без хлеба?
Стануць рабы на калені,
Глянуць рабы на неба.
У апошнім рамане аўтар звяртаецца да некалькіх гістарычных падзей, быццам пераплятаючы іх, падтрымліваючы паміж імі сувязь. Па-першае, гэта часы пасля Вялікай Айчыннай вайны, апошнія гады сталінізму, смерць Сталіна і ўспрыманне яе насельніцтвам. Па-другое, пры дапамозе дзённіка Гані Доўгерд, нявесты атамана «Зялёнага дубу», аўтар спрабуе расказаць пра Слуцкае паўстанне і нацыянальны рух на Беларусі ў 1920-я гады. І зразумела, Месенскае паўстанне ў Спарце. І ўсё ў рамане злучана ідэяй — беларускі народ занядбаны, знаходзіцца ў стане ілотаў — рабоў. Бачым, што ў розныя часы людзі, адчуваючы сваё становішча, падымаліся на барацьбу. Яны спрабавалі змяніць жыццё, аднавіць дзяржаву. У гэтым рамане аўтар маштабна ўзнаўляе падзеі Слуцкага паўстання, таму твор насычаны вялікай колькасцю рэальных гістарычных асоб. Пра іх мы можам пачытаць ў многіх падручніках па гісторыі. Аднак вобразы аўтар спрабуе раскрыць глыбока, наколькі яму гэта ўдалася — цяжка сказаць. Пра герояў тых часоў вядома мала, дык ці былі яны такімі ў рэальнасці? Гэта кіраўнікі антыбальшавіцкага партызанскага руху — беларускай сялянскай партыі «Зялёнага Дубу» — Вячаслаў Адамовіч-старэйшы і Вячаслаў Адамовіч-малодшы па мянушцы Дзяргач, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.). Паспрабаваў аўтар раскрыць вобразы бацькі Махно, генерала Станіслава Булак-Балаховіча, Зінаіды Гіпіус і іншых рэальных асоб.
Багаты твор на падзеі прыгодніцкія. Яны звязаны з пошукам скарбу, схаванага атаманам Дзергачом. Аўтар па-майстэрску пераскоквае з адной рэаліі на другую, з часу ў час, што даволі нязвыкла, таму і твор чытаецца з захапленнем. Не люблю крывавыя баталіі, апісанні ваенных будняў, аднак аўтар акцэнтуе ўвагу на адносінах паміж мірным насельніцтвам і войскамі, аздабляе ваенныя падзеі незвычайнымі эпізодамі з такога жыцця.
А як абысціся ў рамане без вялікага і шчырага кахання? Ім прасякнуты старонкі! Гэта каханне Гані Доўгерт і Вячаслава Адамовіча, Змітра Берагейкі і Марты Сазанавец. Праз увесь фронт прайшла Ганя Доўгерт, каб знайсці і сустрэць каханага Вячку. Шмат выпрабаванняў сустрэлася на яе шляху, але яна ўсё вытрымала. У канцы рамана мы даведваемся пра яе смерць. Ганю расстралялі за прыналежнасць да «Зялёнага Дуба» і шпіянаж.
На мой погляд, раман «Ілоты» — гэта новая спроба пераасэнсаваць тое мінулае краіны, да якога пісьменнік звяртаўся амаль сорак гадоў таму, пішучы свой першы раман «Людзі і маланкі» (1978). Але гэта зусім іншы падыход, пераасэнсаванне гісторыі, заўважна майстэрскі стыль. Да таго ж пісьменнік арыгінальна распавядае пра некалькі гістарычных прастораў.
Цяпер Леанід Дайнека працуе над новым раманам «Сын Ільва, дачка Зеўса — Леанід і Зінаіда», на яго сайце ўжо размешчаны пачатак твора. Добра сказаў Алесь Марціновіч пра гэтага пісьменніка: «Леанід Дайнека працуе, як той мудры беларускі селянін, для якога не так і важна, што пра яго скажуць, бо для яго галоўнае, каб апрацаваная ніва давала шчодры ўраджай». Ён не звяртае ўвагу на тое, што камусьці не падабаецца яго праца, ён смела ідзе сваім шляхам. І ў гэтым праяўляецца яго наватарства і смеласць.
Леанід Марцінавіч Дайнека
З жонкай Зінаідай
На заводзе