Янка Брыль. Збор твораў. Том 6. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020

«Няўжо гэта абавязкова – усаджваючы ў літаратурнае карыта і свой лыч, спачатку кашкануць ім суседа справа ці злева, а то і таго і другога? Хоць карыта гэтае аж надта доўгае, шырокае...

Падумалася так, калі чытаў яшчэ адно маладжавае інтэрв'ю з уступна-недарэчнымі і проста хамскімі «заўвагамі» пра тых, хто піша інакш, чым ён, ці не тое, што ён, прыгрэты першым, больш уяўным поспехам».

Як вам гэты запіс з цыкла «Пошукі слова» народнага пісьменніка Янкі Брыля? Той вызначаўся інтэлігентнасцю, быў майстрам лірычных мініяцюр... Але быў і на язык востры, калі хацеў, а ўжо ў сваіх дзённікавых запісах ды зацемках мог прыпячы любога... Мусіць, недарэмна загадаў, каб пасля смерці яго дзённікі захоўваліся пад замком гадоў пяцьдзясят...

У шосты том збору твораў пісьменніка ўвайшлі дазволеныя да друку запісы і мініяцюры 1945–1992 гадоў – ад тонкіх апісанняў прыроды да з'едлівых каментароў пра вядомых асоб. Васямсот старонак разваг, падстава якіх – падарожжы, сустрэчы, прачытаныя кнігі, успаміны дзяцінства, выпадкова падгледжаныя сцэнкі... Вядома, у тых мініяцюрах, якія выдаваліся ў савецкі час, месцамі адчуваецца прыгладжанасць... Ёсць і «паравозы» – абавязковыя згадкі пра Леніна, партыю, Кастрычнік, якія ў савецкія часы забяспечвалі дазвол да друку... Брыль, аднак, і тут стараецца неяк выйсці на агульначалавечыя тэмы. Чытаючы, вы мімаволі ўступіце ў дыялог з аўтарам. Вось ён у 1976-м крытычна выказваецца пра творчасць Быкава: «Дажыць да світання», «Яго батальён» – ці гэта ўжо стомленасць ад спеву на адзін матыў, ці тут у пэўнай меры агалілася штосьці з таго, з чым я нязгодны?»

У чым аўтар саступіў – часам апускае імёны. «Малады вясковы дурыла ад першага сутыкнення з медыцынай, як студэнт-першакурснік, гаварыў калісьці, нешта хутка пасля вайны: «А што там ваш N? Падумаеш – паэт! Усё роўна да нас, у анатамічку, прывязуць!..» З той самай мудрасцю ён, пераростак, ужо не юнак, а мужчына, пазычыў у мяне даволі ладную суму «на тыдзень, па-зямляцку», каб ніколі, як аказалася, не паказацца ні з грашыма, ні так сабе».

Брылю было пра што пісаць... У ягоным жыцці здарыліся і вайна, і палон, і партызаншчына. Ён выдатны стыліст, адзін з тых, хто назапашваў скарбы беларускай мовы. Вось у наваполацкай гасцініцы пачуў ад дзеда: «А цяпер неціхота такая, дык гэта добра!» – і занатоўвае новае слоўца – «неціхота», шум, галоснасць...

«Або добра, або нічога.

Вядома, правільна, што не для таго я многіх перажыў, каб іх аббрэхваць.

Аднак лепш ужо нічога, чым такое добра, дзе пішацца з тым самым слёзным ці слінявым пафасам пра Авеля і Каіна, пра мастака і графамана». 

 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ;
крынiца: інтэрнэт-партал Выдавецкага дома «Звязда»