Лёгка і адначасова складана казаць пра тое, што бязмерна любіш сам. Але сказаць варта.
На двары 2002 год, у свет выйшла культавая гульня, якая мае велізарную колькасць фанатаў па ўсім свеце, — The Elder Scrolls III: Morrowind ад студыі Bethesda Softworks. Наш персанаж прачынаецца ў паўзмроку карабельнага трума. Першае, што мы чуем — плёскат вады і бурклівы голас яшчэ аднаго пасажыра: «Ну ты і соня! Цябе нават учарашні шторм не разбудзіў. Кажуць, мы ўжо прыплылі ў Моравінд. Нас выпусцяць, гэта дакладна». У ролі невядомага зняволенага мы ступаем на зямлю выспы Вардэнфел, нас прывезлі сюды з пакуль не вядомай мэтай і толькі з той прычыны, што персанаж нарадзіўся ў пэўны час пад пэўнымі зоркамі. Пасля кароткай папяровай цяганіны нас выпускаюць на волю, забяспечыўшы ўказаннямі куды прайсці. Што зусім не абавязкова. Гульцу прапануецца велізарны, насычаны свет, у якім толькі ён сам вырашае куды ісці і што рабіць.
Мы знаходзімся на вулканічнай выспе, дастаткова вялікай, каб на ёй размясціўся з дзясятак гарадоў і невялікіх паселішчаў. Карэннае насельніцтва выспы — попельнаскурыя Данмеры, адна з народнасцяў эльфаў гэтага свету. Падазроныя да чужынцаў, самі яны падзелены на Вялікія Дамы, якія ў сваю чаргу выбудоўваюць палітыку дзяржавы ў чарадзе ўнутраных інтрыг і з аглядкай на волю Трыбунала — траіх жывых багоў данмераў. Некалі смертныя, гэтыя істоты атрымалі амаль неабмежаваную ўладу і шанаванне. Але яны далёка не бездакорныя…
Інфармацыі шмат, але не палохайцеся. Гульня поўная дэталяў, якія дапамогуць разабрацца ў сюжэце і асаблівасцях гэтага свету. Фактычна перад намі ролевая гульня ад першай асобы, вельмі падрабязная і разнастайная. Прасоўваючыся па сюжэце або проста даследуючы выспу, гульцам прыйдзецца стасавацца, змагацца, гандляваць, вучыцца магіі і алхіміі. Вы зможаце далучыцца да аднаго з дамоў ці гільдый, паляваць на вампіраў або стаць адным з іх... І вядома, атрымліваць асалоду ад відаў флоры і фаўны выспы, якія сапраўды могуць здзівіць.
Кагосьці можа стаміць вялікая колькасць тэксту, але цярплівыя будуць узнагароджаны. Гульня дастаткова медытатыўная. За музычнае суправаджэнне ўсёй серыі The Elder Scrolls варта дзякаваць амерыканскаму кампазітару Джэрэмі Соулу (Jeremy Soule). Для мяне Morrowind — гэта глыбокая гульня з душой кнігі, сюжэт якой кожны напіша сам. А пакуль… «Пад гэтым сонцам і небам мы цёпла вітаем цябе».
Вадзім Каплун