Новыя серыі кніжных выдавецтваў краіны з’яўляюцца не так часта. Біяграфічныя кніжныя серыі тым болей не частая з’ява на кніжным рынку Беларусі. І ўсё ж выключэнні з правілаў здараюцца…

Добра вядомае выдавецтва «Мастацкая літаратура» якраз да юбілейнага караткевічаўскага дня падгадала з выдатным падарункам. У прадаўжэнне новай кніжнай серыі «Люстэрка лёсу» пабачыла свет кніга доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслава РАГОЙШЫ «Дзесяць саг пра Караткевіча». Раней у гэтай серыі «Мастацкай літаратуры» пабачыла свет кніга вядомага палітычнага, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, вучонага, доктара фізіка-матэматычных навук Аляксандра РАДЗЬКОВА.  

Вядомы літаратуразнаўца, аўтар многіх кніг, прысвечаных гісторыі, тэорыі і сучаснасці беларускай літаратуры, пачынаючы з 1966 года, уваходзіў у кола самых блізкіх сяброў класіка. Уладзімір КАРАТКЕВІЧ быў сярод самых ганаровых гасцей на «вяселлі веку» Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. У Ракаве, дзе яно праходзіла, аўтар неўміручых твораў і пазнаёміў маладажонаў, усіх гасцей са сваёй абранніццай – будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай. Уладзімір Караткевіч прысвяціў Вячаславу Рагойшу некалькі вершаў і некалькі малюнкаў. Некаторы час літаратуразнаўца і аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» і жылі побач – у суседніх кватэрах аднаго мінскага дома па вуліцы Карла Маркса, 36. Мноства сустрэч і ў Мінску, і ў Ракаве, мноства размоў, агульныя паездкі падалей ад тлумнага горада – усё гэта, дзякуючы расповеду сапраўднага сведкі, удзельніка розных падзей, нераўнадушнага сябра, набывае выразныя рэльефныя абрысы. Уладзімір Сямёнавіч паўстае жывым, не забранзавелым, яскравым, каларытным чалавекам.  

У афармленні кнігі выкарыстаны фотаздымкі Вячаслава Рагойшы, Сяргея Панізьніка, Міколы Пашкевіча, Леаніда Акаловіча, якія і самі па сабе з’яўляюцца надзвычай гаваркімі дакументальнымі крыніцамі ў галіне караткевічазнаўства. Дарэчы, знаёмства з фатаграфічнымі ілюстрацыямі падказвае яшчэ адзін гісторыка-культурны праект, звязаны з адлюстраваннем жыцця і творчасці пісьменніка. Чаму б не выдаць альбом «Уладзімір Караткевіч на фотаздымках»?!

Наклад кнігі «Дзесяць саг пра Караткевіча» – 500 асобнікаў. Кніга, несумненна, знойдзе свайго чытача. І, несумненна, будзе ў яе новае выданне.

Канешне ж, хацелася б бачыць і працяг серыі. «Люстэрка лёсу» магло б стаць адбіткам жыццяпісаў не толькі пісьменнікаў, але і дзеячаў культуры – акцёраў, музыкантаў, рэжысёраў тэатра і кінематографа, мастакоў, вучоных…

 

Максім Веяніс

Крынiца: сайт https://sozvuchie.by