Успаміны
Вера Міцкевіч

 Швагер Якуба Коласа — ахвяра ГУЛАГа

І таму прарасцем з магілаў,

Цераз краты і кайданы,

Каб свабодай зямля ўскаласіла,

Яе праўдай засеюць сыны!

Л. Геніюш

Сёлета споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння швагра Якуба Коласа Аляксандра Дзмітрыевіча Каменскага, беларускага настаўніка і выхавацеля, простага сціплага чалавека, які любіў жыццё, людзей, сваю працу. Лёсам яму было наканавана пражыць 56 гадоў, 4 месяцы і 2 дні.
Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі, пяты сын у сям’і Марыі Цімафееўны і Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскіх, нарадзіўся 24.02.1886 г. (08.03. па н. ст.) у г. Ашмяны Віленскай губерні (цяпер — у Гродзенскай вобласці), ахрышчаны ў Ашмянскай Васкрасенскай царкве, дзе служыў псаломшчыкам яго бацька [1]. Праз пяць гадоў там жа пахрысцілі яго малодшую сястру Марыю, будучую жонку Якуба Коласа, у іх сям’і Аляксандр Каменскі пражыў больш за 20 гадоў. Дзядзька Саша, як ласкава называлі яго сямейнікі, у нечым паўтарыў лёс Коласавага дзядзькі «новазямельца» Антося. Сваёй сям’і Аляксандр Дзмітрыевіч не стварыў, а быў клапатлівым сынам, любімым братам, сябрам народнага паэта, выхавацелем сваіх пляменнікаў Данілы, Георгія (Юркі), Міхася. Аляксандр Дзмітрыевіч быў хросным бацькам першынца Міцкевічаў — Данііла. Пра гэта заўсёды памятаў яго хроснік, мой бацька. Першыя дзіцячыя ўспаміны Данілы Канстанцінавіча звязаны менавіта з дзядзькам: «Пра пермскі перыяд жыцця я нічога не памятаю — мне не было і трох гадоў. Але ўсё ж запомніўся адзін эпізод — мяне трымае на руках дзядзька Саша на беразе вялікай ракі Камы, памятаю шырокую раку і параходы, што плылі па ёй» [3, с. 28].
У архіўным фондзе № 205 БДУ, што знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, захаваліся дакументы выкладчыка рабфака БДУ Каменскага. Асаблівы інтарэс для нас уяўляе яго аўтабіяграфія 1925 года, тэкст якой з захаваннем арфаграфіі прыведзены ніжэй:
«Cirriculum Vitae.
Настаўніка Рабфака
Аляксандра Зьмітравіча Каменскага.
Радзіўся я ў г. Ашмянах Віленскай губ. ў 1886 г. ў сям’і настаўніка. Калі мне было года чатыры, бацька мой пераехаў жыць на вёску ў Гарадзеншчыну, у Слонімскі павет, дзе і займаў пасаду настаўніка (вёска Харобравічы Слонімскага павету).
Вучыўся я ў Жыровіцкай духоўнай школе, а адтуль паступіў ў Віленскую духоўную сэмінарыю.
У 1906 г., дзякуючы рэвалюцыйнаму руху, па сканчэнні чацьвертае клясы я атрымаў магчымасць паступіць у Казанскі Універсітэт, дзе і працаваў [вучыўся. — В.М.] на гісторыка-філёлёгічным аддзяленні.
У 1910 г. быў настаўнікам у м. Дуббэльне ў мужчынскай і жаночай гімназіях на Рыжскім узьбярэжжы.
У 1912 г. быў настаўнікам у Дзьвінскай Рэальнай школе, і адсюль з пачатку вайны ў 1914 г. быў пераведзены ў г. Бельск у Гарадзеншчыну.
У 1915 г. эвакуіраваўся ў г. Абаянь у Курскую губ., дзе з 1915 да 1922 года весь час служыў ў якасці настаўніка і загадчыка цэнтральнае бібліятэкі. У 1922 г. паступіў настаўнікам у санітарную дзіцячую калёнію на Клязьме, каля Масквы. У 1923 г. атрымаў пасаду настаўніка і загадчыка пятай сямёхгадовай школы ў Менску.
1923 г., як толькі прыехаў у г. Менск, праслухаў шасці-тыднёвыя курсы па беларусазнаўству і маю аб гэтым пасведчанне. Настаўнік А. Каменскі. 1925 г.» [4, арк. 3—4].
Удакладнім, што пераезд у Слонімскі павет, хутчэй за ўсё адбыўся не раней другой паловы 1891 — пачатку 1892 года, калі Аляксандру было 5—6 гадоў. Жыровіцкае духоўнае вучылішча ён скончыў у 1902 годзе. У Дзвінскім рэальным вучылішчы выкладаў гісторыю і геаграфію, а ў Бельску — рускую мову, гісторыю і геаграфію ў Прыватнай васьмікласнай з правамі ўрадавых мужчынскай гімназіі.
Падчас Першай сусветнай вайны А. Каменскі быў эвакуіраваны ў г. Абаянь Курскай губерні разам з маці і яе зводнай сястрой Кацярынай Васільеўнай Кукін, апошняя там і памерла ад чорнай воспы ў 1917 годзе. Верагодна, Аляксандр Дзмітрыевіч тады ж ездзіў у Перм, каб дапамагчы сястры Марусі, на руках якой былі трохмесячны Юрка і амаль трохгадовы Данік, пераехаць да яго і маці ў Абаянь. Да Курска ў адным эшалоне з імі ехаў на Румынскі фронт падпаручнік Канстанцін Міцкевіч. Неўзабаве Якуб Колас вярнуўся да сям’і. Каля чатырох цяжкіх галодных рэвалюцыйных гадоў сям’я Коласа жыла на Куршчыне. Вясной 1921 года Міцкевічы вярталіся на Бацькаўшчыну праз Маскву. Як відаць з аўтабіяграфіі, Аляксандр Дзмітрыевіч на некаторы час застаўся ў Клязьме пад Масквой у старэйшага брата Міхаіла. У 1923 годзе ён пераехаў на сталае месца жыхарства ў Мінск у сям’ю Якуба Коласа, скончыў беларусазнаўчыя курсы, выкладаў у БДУ гісторыю на рабфаку. Апрача расійскай і беларускай валодаў лацінай, грэчаскай і нямецкай мовамі [4, арк. 1].
Настаўнічаў А. Каменскі ў школах і тэхнікумах Мінска. Пра яго з павагай, цеплынёй і любоўю ўспаміналі яго былыя вучні — прарэктар Беларускага політэхнічнага інстытута Мікалай Юркштовіч, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Георгій Гаранскі, юрыст Рыгор Федарэнка, блізкія і знаёмыя сям’і народнага паэта Канстанцін Самахвал, Анатоль Лавыш, Маргарыта Прозарава-Аліханава, Валянціна Процька (Сай), Галіна Уладамірская і іншыя. Славуты скульптар Заір Азгур прыгадваў у сваіх успамінах, як упершыню пераступіў парог Коласавага дома ў 1924 годзе і як першым яго ветліва сустрэў дзядзька Саша, пры гэтым Азгур адзначыў яго маладжавы выгляд і заўважыў, што ён быў трохі ссутулены, безбароды, але з вусамі.
Як успаміналі сыны народнага паэта, у сям’і панавала атмасфера павагі, любові, шчырасці. Дзядзьку Сашу ўсе любілі. Ён выхоўваў пляменнікаў сваім прыкладам, далучаў да працы ў доме і па гаспадарцы; развіваў цікавасць хлопцаў да вучобы, а калі патрабавалася, дапамагаў у засваенні школьнага матэрыялу, навучыў гуляць у шахматы. З лістоў А. Каменскага да брата Міхаіла ў Клязьму (цытуем у перакладзе на беларускую мову): «Цяпер я загадваю дзвюма школамі і акрамя таго працую ў якасці выкладчыка ва Універсітэце… Я з Данікам займаюся нямецкай мовай. Абодва яны, Данік і Юрачка, вучацца ў беларускай школе. Дзеці вельмі жвавыя, Юрачка — хлопчык гарэзлівы.» (без даты, да 1926 г.); «Канстанцін Міхайлавіч служыць і працуе. Маруся завіхаецца па гаспадарцы. Данюша ў 7-й групе сямігодкі, яму пайшоў ужо 14-ы год. Юрачка ў трэцім класе, а Міхась усё ходзіць па лесвіцы з першага паверха на другі і назад. Ён вельмі слаўны хлопчык.» (ад 6.12.1927 г.) [5].
У 1926—1927 гадах Міцкевічы пабудавалі хату на сядзібе, што месцілася на пачатку 2-га Шпітальнага (Вайсковага) завулка, цяпер гэта тэрыторыя дзіцячага парка імя Горкага. Арганізатарам будаўніцтва стаў Аляксандр Дзмітрыевіч. Па яго парадзе Міцкевічы выбралі тып двухпавярховага дома з замежнага будаўнічага часопіса, які дзядзька Саша прывёз ад старэйшага брата Міхаіла з Клязьмы. Марыя Дзмітрыеўна шкадавала высякаць пладовыя дрэвы на ўчастку, таму было вырашана пабудаваць двухпавярховы дом на манер англійскага катэджа. Аляксандр Дзмітрыевіч прыцэньваўся, падбіраў розныя брыгады рабочых, працаваў з імі, стараўся ўвайсці ў курс будаўнічай справы. Дом атрымаўся на славу, чатырнаццаць гадоў пражыла там сям’я народнага паэта. Падчас летніх адпачынкаў сям’і Коласа ў розных маляўнічых мясцінах Беларусі дзядзька Саша часта заставаўся ў горадзе, даглядаў сядзібу.
Лёс Аляксандра Дзмітрыевіча, тады выкладчыка архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, зрабіў круты паварот у 1938 годзе. У ноч з 5 на 6 лютага ў доме Якуба Коласа арыштавалі дзядзьку Сашу. У 1930-я гады падчас масавых сталінскіх рэпрэсій загінулі мільёны грамадзян Савецкай краіны, лепшыя прадстаўнікі нацыянальных эліт. Арышт А. Каменскага быў не выпадковым. Органы НКУС рыхтавалі новую «справу» на Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Кандрата Крапіву, Петруся Броўку, Пятра Глебку, Анатоля Багатырова і іншых дзеячаў беларускай культуры. Паколькі гэты «сцэнарый» не быў здзейснены, А. Каменскі атрымаў па прыгаворы 5 гадоў лагераў. Але і гэтага тэрміну было дастаткова, каб родныя больш ніколі не ўбачылі дзядзьку Сашу.
Спачатку А. Каменскага трымалі ў Мінску ў турме. У адпаведнасці з Пастановай «Особого Совещания при НКВД СССР» ад 10 кастрычніка 1938 года за «контррэвалюцыйную агітацыю» Аляксандр Дзмітрыевіч быў зняволены ў папраўча-працоўны лагер — Усольлаг, куды прыбыў 12 снежня этапам праз Аршанскую турму. Спробы адшукаць справу А. Каменскага № 36844-БССР дагэтуль не мелі поспеху. Архіўную даведку аўтарка атрымала з горада Салікамска Пермскага краю РФ.
Усольлаг (Усольскі папраўча-працоўны лагер) быў заснаваны 5 лютага 1938 года загадам НКУС СССР. Гэта было звязана з будаўніцтвам Салікамскага сульфіт-цэлюлознага завода і дапаможнай вытворчасці як нарыхтоўка лесаматэрыялаў і будаўніцтва дарог. У 1938—1941 гадах Усольлаг быў падпарадкаваны ГУЛАГу НКУС СССР, а з 1941 года — УЛЛП (Упраўленне лагераў лясной прамысловасці) НКУС СССР. Усольлаг займаў амаль усю поўнач Молатаўскай (Пермскай) вобласці, плошча яго складала 270 тыс. кв. км, на 220 км працягнуўся ён з захаду на ўсход і на 270 км — з поўдня на поўнач. На такой тэрыторыі магла б змясціцца не адна еўрапейская дзяржава, а колькі яшчэ было такіх лагераў! Асноўнай спецыялізацыяй лагераў УЛЛП былі лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўка [6, с. 67].
Аляксандра Каменскага ўтрымлівалі ў АЛП (асобны лагерны пункт) № 10 Аралава, што знаходзіўся ў падпарадкаванні Спецкамендатуры пасёлка Усць-Язьва Краснавішэрскага раёна Молатаўскай (Пермскай) вобласці. Праца на лесараспрацоўках ва ўмовах суровай поўначы, калі нават у канцы красавіка ляжаў глыбокі снег, а рэкі яшчэ былі скаваны марозам, была цяжкая. Каменскія з Клязьмы і Міцкевічы з Мінска пісалі Аляксандру Дзмітрыевічу лісты і зрэдку дасылалі пасылкі. У адказ атрымлівалі ад яго паштоўкі. Дзядзька Саша пра сябе пісаў стрымана, як гэта было дазволена вязням: «жыццё маё праходзіць у бесперапыннай фізічнай працы», «жыву так, як толькі тутака жыць і можна, працую кожны дзень фізічна, вельмі мяне даймаюць халады», «я вельмі часта думаю пра ўсіх вас, і калі іду ў лес на работу, і калі вяртаюся назад», «калі даведаецеся што-небудзь аб лёсе маім — чырканіце пару слоў». У лістах ён заўсёды цікавіўся, як вучацца пляменніцы і пляменнікі. Паштоўкі Аляксандра Дзмітрыевіча 1940—1941 гадоў захоўваюцца ў нашчадкаў Каменскіх у Клязьме.
Родныя ведалі, што Аляксандр Дзмітрыевіч меў сардэчна-сасудзістыя хваробы (міякардыт, атэрасклероз), рабілі ўсё магчымае, каб вызваліць яго. На працягу 1938—1941 гадоў Якуб Колас куды толькі ні звяртаўся! Пісаў заявы пракурорам БССР і СССР, быў на прыёме ў Варашылава, а вось наркам унутраных спраў БССР Цанава Коласа не прыняў. У лісце ад 18 красавіка 1940 года з Масквы Якуб Колас пісаў жончынай пляменніцы Вользе Каменскай, што бачыўся з Б. Емяльянавым (цытуем на мове арыгінала): «Он хлопочет, старается. Но с делом дяди Саши какая-то заминка из-за Минска. Минск представил не всё дело. Словом, надо по приезде в Минск выяснить, в чем тут сила. Я вторично подал здесь заявление с просьбой ускорить пересмотр и сообщить результаты мне. Б.[орис] А.[лександрович] будет тебе звонить» [2, с. 266]. Захавалася недатаваная тэлеграма Якуба Коласа Б. Емяльянаву, якая была адпраўлена з Мінска ў Маскву (друкуецца ўпершыню на мове арыгінала): «Дело Александра Дмитровича Каменского Прокурор республики переслал [в] Прокуратуру Союза и своё заключение о прекращении. Выслан приговором Особого Совещания. Справься. Сообщи. Колас» [5]. Імя расійскага пісьменніка Барыса Емяльянава сустракаецца ў лістах народнага паэта да С. Гарадзецкага (1939 г.). У лісце да М. Лынькова ад 11 ліпеня 1942 года Якуб Колас з болем у душы ўспамінаў нябожчыка Янку Купалу, непаразуменні, што былі паміж імі ў гэты цяжкі першы ваенны год, яго — Купалы — «кампанаванне з Емяльянавым і падстаўленне свайго подпісу пад яго пісаніну» [2, с. 394—395]. Апошняе выклікае шмат пытанняў. Чаму Якуб Колас звяртаўся менавіта да Б. Емяльянава па справе свайго швагра? Дзе працаваў у перадваенны час Б. Емяльянаў? Якую ролю ён адыграў у лёсе Янкі Купалы? Але гэта ўжо тэма іншага даследавання.
Справа А. Каменскага, як лічыў Якуб Колас, была перагледжана і даслана Пракурору СССР на спыненне. Але мінуў год, дзядзька Саша па-ранейшаму заставаўся ў ссылцы. Здароўе яго пагаршалася. Як успаміналі родныя, з-за моцных халадоў Аляксандр Дзмітрыевіч яшчэ ўзімку 1939—1940 гадоў абмарозіў нагу. Лячылі амбулаторна, ампутацыі не рабілі, а перавялі на так званую «лёгкую працу».
22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. 7 жніўня, у дзень ад’езду з Масквы ў Ташкент у эвакуацыю Якуб Колас напісаў яшчэ адну заяву Пракурору СССР, якая заканчвалася словамі (цытуем на мове арыгінала): «Во имя справедливости я прошу Вас принять соответствующие меры для освобождения Александра Дмитриевича Каменского как осужденного и высланного невинно» [3, с. 44].
З пачаткам вайны значна пагоршылася становішча вязняў ГУЛАГа. У тым жа Усольлагу рэзка павялічылася іх колькасць. Людзі галадалі, не ставала вопраткі, пагоршыліся ўмовы ўтрымання. Гэта прывяло да росту хвароб, фізічнага знясілення і вялікай смяротнасці. Наогул, смяротнасць вязняў у ГУЛАГу павялічылася ў 4—5 разоў у параўнанні з даваеннымі гадамі [6, с. 46, 68, 336]. Падчас вайны ліставанне з родным чалавекам перарвалася. Міцкевічы і Каменскія хваляваліся, перажывалі за дзядзьку Сашу, але, на вялікі жаль, нічым не маглі яму дапамагчы.
Архіўная даведка сведчыць, што Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі памёр 10 ліпеня 1942 года ў Аралаўскім АЛП № 10, прычына смерці — пелагра. Прасцей кажучы, авітаміноз!.. Да заканчэння (а ці было б гэта заканчэнне?) тэрміну зняволення дзядзька Саша не дажыў сем месяцаў.
Як і мільёны грамадзян «шчаслівай савецкай краіны», свой зямны шлях Аляксандр Дзмітрыевіч скончыў заўчасна, далёка ад роднай зямлі і блізкіх людзей. Які здзеклівы збег акалічнасцей! У Пярмі нарадзіўся сярэдні сын Якуба Коласа — Георгій (Юрка), ён жа прапаў без вестак крывавай восенню 1941 года пад Вязьмай пры абароне Масквы. А дзядзька Саша ніколі не мог нават уявіць сабе, трымаючы на руках маленькага Даніка на беразе ракі Камы ў Пярмі, што праз якія дваццаць гадоў яго, зняволенага, бязлітасна закіне лёс сюды, на поўнач Пермскага краю, і што ён ніколі ўжо не пабачыць родных і застанецца тут назаўжды. Гэта жудасная невядомасць, страты сына і роднага брата хутка забяруць жыццё Марыі Дзмітрыеўны, вернай спадарожніцы і любай жонкі Якуба Коласа. А сам пясняр у наступныя гады ўжо не будзе адчуваць «ніякай радасці, ніякага смаку жыцця», а толькі спустошанасць і невыразную тугу па тым часе, калі ўся сям’я была разам з ім.
 
Літаратура
  1. Дзяржаўны Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. — Нд-3005.
  2. Колас, Я. Збор твораў : у 20 т. / Я. Колас. — Мінск : Беларуская навука, 2012. — Т. 18 : Лісты 1908—1942.
  3. Міцкевіч, Д. Любіць і помніць : Успамінае сын Якуба Коласа / Д. Міцкевіч. — Мінск : Полымя, 2000.
  4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Фонд 205. — Воп 3. — Адз. зах. 3415.
  5. Прыватны архіў Міцкевіча Д.К. — Лісты Каменскага А.Д. да брата Каменскага М.Д. і яго сям’і ў Клязьму.
  6. Суслов, А. Спецконтингент в Пермской области (1929—1953 гг.) / А. Суслов. — Екатеринбург—Пермь : Пермский государственный педагогический университет, 2003.
 
Фотаздымкі:
Злева направа: Аляксандр Каменскі, Іван Каменскі, Данііл Цэбрыкаў. Вільня. 1908—1910 гады.
Сядзяць злева направа: Марыя Міцкевіч, Вольга Каменская, Якуб Колас, Міхась Міцкевіч, Міхаіл Каменскі; стаяць злева направа: Георгій (Юрка) Міцкевіч, Аляксандр Каменскі, Яўгенія Увядзенская, Даніла Міцкевіч. Менск. 1932 год.