Замест прадмовы
Гадоў пятнаццаць таму сеў я пісаць манаграфію, прысвечаную гістарычным аспектам беларускай журналістыкі. Працаваў, прызнаюся, з імпэтам. І чым падрабязней унікаў у мінуўшчыну нашай інфармацыйнай прасторы, тым больш выразна ў маім уяўленні вымалёўваўся вобраз Інфармацыйнага Дрэва Беларусі з глыбокім гістарычным карэннем і кронай, скіраванай у вечнасць. Яго галіны — творчыя напрамкі ды разнастайныя віды медыя, а лістота — асобы журналістаў, рэдактараў і публіцыстаў. Мінае час: увосень ападае лістота — журналісты паміраюць або сыходзяць з прафесіі, а ўвесну прабіваецца зеляніна — прыходзяць у друк выпускнікі журфака БДУ, поўныя амбіцый і патэнцыялу.
Рост Інфармацыйнага Дрэва непасрэдна залежаў ад палітычнага клімату. Дрэва то запавольвалася ў развіцці, то разгаліноўвалася ў час рэформ, то трымцела ў час крызісаў і навалы. Здаралася, Дрэву не на жарт пагражала сякера — напрыклад, у перыяд існавання Літоўска-Беларускай ССР у 1919 годзе: кіраўніцтва рэспублікі — спрэс з літоўскіх камуністаў — без разбору закрывала ўсе беларускія ўстановы, у тым ліку і рэдакцыі.
У ваенны час галіны Дрэва зацята варагавалі паміж сабой — да прыкладу, калабаранцкі і падпольны друк у Вялікую Айчынную. У мірны час адна галіна магла доўга расці ўшыркі і ўдаўжыню (газеты і часопісы), а потым яе даганялі і нават апярэджвалі іншыя галіны (радыё, тэлебачанне, сеткавыя выданні). Нейкія галіны «адсыхалі» (газеты машына-тэхнічных станцый, утвораныя ў непрацяглы перыяд хрушчоўскай рэарганізацыі калгасаў), а іншыя ўжо разменьваюць трэцяе стагоддзе (рэгіянальны і гарадскі друк).
Да выдання маёй манаграфіі справа так і не дайшла. Але навуковай інфармацыі ды роздуму з яе нагоды назбіралася столькі, што захацелася падзяліцца імі. Дык аформіў іх у выглядзе лекцый. Спадзяюся, чытачам «Маладосці» гэты матэрыял падасца вартым увагі.
***
Пачаць хацелася б з характарыстыкі «глебы», на якой забуяла Інфармацыйнае Дрэва Беларусі. Своеасаблівым «грунтам» стаўся нацыянальны менталітэт, што адлюстроўваў уяўленні нашых прашчураў пра час і прастору, прыроднае і сацыяльнае асяроддзе, меркаванні пра саміх сябе і прадстаўнікоў іншых народаў.
Беларускі менталітэт працяглы час трансфармаваўся ў адмысловых абставінах грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і духоўна-культурнага жыцця. Гэта спрыяла выпрацоўцы шэрагу характэрных рыс, у прыватнасці, цярпімасці да прадстаўнікоў іншых нацый і канфесій, гуманнасці, прывязанасці да зямлі-карміцелькі, імкнення прыстасаваць працу і адпачынак да прыродна-сезонных цыклаў (так званы каляндарны тып менталітэта) і г. д. Дадзеныя асаблівасці нацыянальнага характару праяўляюцца, дарэчы, у сучасных медыя. Маецца на ўвазе павышаная ўвага да гарачай пары ўраджаю, адсутнасць нянавісці да людзей паводле іх нацыянальнасці або веравызнання і інш.
І калі нацыянальны характар і менталітэт мы прымем за ўмоўную «глебу», то першыя парасткі Інфармацыйнага Дрэва пусцілі ў ёй карэнне ў эпоху ранняга Сярэднявечча. У ХІ—ХІІ стст. геапалітычнае становішча беларускіх зямель, праз якія праходзілі важныя гандлёвыя шляхі ды ажыццяўлялася сувязь краін Еўропы з Візантыяй і Арабскім халіфатам, надала імпульс развіццю пісьменства і кнігапісання.
Калі ў Еўропе пісьменства ўкаранялася на лацінскай мове, то на Беларусі — на старажытнарускай, якую разумела большасць тутэйшага насельніцтва. Гэта садзейнічала пашырэнню пісьменнасці не толькі сярод духавенства, але і простых людзей, перш за ўсё ў горадзе.
Старажытная рэлігійная перакладная літаратура (маральна-філасофскія і гістарычныя зборнікі, жыціі і творы аб паломніцтвах у Святую Зямлю, кананічныя кнігі Свяшчэннага Пісання) паспрыяла пашырэнню такой з'явы, як кампіляцыя — стварэнне ўласнага твора на аснове капіравання і перапрацоўкі іншых крыніц інфармацыі. Царкоўныя кнігі, якія распаўсюджваліся на землях Старажытнай Русі з ХІ ст., па сутнасці, выконвалі кампілятарскія функцыі — знаёмілі чытачоў з перапісанымі творамі Эўрыпіда, Герадота, Фукідзіда, Платона, Ахіла Тацыя, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста.
Але на аснове кампілятарскіх твораў літаральна праз стагоддзе ўтварылася арыгінальная літаратура. Пра яе з’яўленне сведчылі такія царкоўныя творы, як «Повесть жития и преставления святыя и блаженныя и преподобныя Еуфросинии, игуменьи манастыря Святаго Спаса и Пречистыя Его Матере, ижи в Полотьсце граде», «Слово о Мартине мнисе, иже бе Турове у церкве Святою мученику, един жив о Бозе», «Житие и терпение преподобного отца нашего Авраамия архимандрита, просветившего в терпении мнозе и новаго града во святых Смоленского» і інш. Яны не толькі спрыялі развіццю старабеларускай мовы, але і выпрацоўвалі каштоўныя мастацкія прыёмы, якія пазней надалі выразную публіцыстычнасць творам Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Мялеція Сматрыцкага і інш.
У арыгінальнай старабеларускай літаратуры відавочныя запазычанні з візантыйскай агіяграфічнай літаратуры. Так у апісаных акалічнасцях жыція полацкай князёўны Еўфрасінні Георгіеўны прысутнічае багата алюзій на жыціе Еўфрасінні Александрыйскай. У жыціі Аўраамія Смаленскага яўна пераймаецца апісанае Яфрэмам Сірыным «жыціе» Іаана Златавуста. У аповесці пра Меркурыя Смаленскага безымянны аўтар непасрэдна спасылаецца на жыціе Меркурыя Кесарыйскага.
Як бачым, кампілятарскі падыход — запазычанне замежных здабыткаў на карысць уласнай аўдыторыі — прыстунічаў у нашай інфармацыйнай традыцыі ад пачаткаў яе ўзнікнення. Не дзіва, што ён прысутнічае і сёння ў нацыянальных медыя. Новыя жанры ў друку, новыя фарматы на радыё, новыя шоу на тэлебачанні — усё гэта шчодра пазычаецца нашымі рэдактарамі і журналістамі з расійскіх выданняў, тэле- і радыёканалаў. Суцяшэннем можа служыць хіба тое, што расіяне вышэйзгаданыя жанры, фарматы і шоу пазычаюць у амерыканцаў, а тыя ў сваю чаргу — у брытанскага Бі-Бі-Сі.
Акрамя таго, хацелася б падкрэсліць, што агіяграфічная літаратура з'яўляецца своеасаблівым «летапісам духу» эпохі ранняга Сярэднявечча на Беларусі, дае ўнікальны сваім багаццем матэрыял пра ўмовы жыцця і тагачасны светапогляд. З-за строга рэгламентаванай структуры і схематычнага зместу жыціі практычна не даюць грунтоўных звестак пра тых асоб, чыё жыццё апісваюць. Тым не менш, яны дзейсна замацоўвалі ў свядомасці чытачоў хрысціянскія этычныя ідэалы на прыкладзе ўшанаваных у творах асоб.
Гэта дае падставы сцвярджаць, што з ХІ—ХІІ стст. на Беларусі мае месца традыцыя гераізацыі людзей, жыццё і ўчынкі якіх служаць прыкладам для пераймання. Такім чынам, першымі героямі ў дадзеным кантэксце сталіся Еўфрасіння Полацкая, Аўраамій Смаленскі, Кірыла Тураўскі, Антоній Віленскі. Ад іх фактычна пайшла пазнейшая практыка ствараць у друку пазітыўны імідж тым ці іншым героям (у залежнасці ад патрабаванняў канкрэтнай гістарычнай эпохі).
З глыбокай павагай зважаючы на постаці гэтых духоўных тытанаў беларускага Сярэднявечча, хацелася б сакцэнтраваць увагу на тым, што іх духоўная дзейнасць паслужыла яшчэ і яскравым сведчаннем таго, што наша культурная прастора тае пары адпавядала досыць высокім патрабаванням тагачаснага інтэлектуальнага развіцця, аналагічнага ўзроўню развітых краін Еўропы. Слушна на гэты конт напісаў даследчык беларускай мінуўшчыны Мікола Ермаловіч: «Адзначаныя культурныя дзеячы сваю высокую адукацыю і майстэрства змаглі атрымаць у сябе дома, не выязджаючы ў чужыя краі, напрыклад, у Візантыю. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі былі багатыя нашы духоўныя скарбы ў гэты час, якія сталі ў далейшым грунтам для няспыннага развіцця культуры Беларусі».
Вышэйзгаданае развіццё праявілася ў заснаванні епіскапам Кірылам Тураўскім традыцыі філасофскага асэнсавання зменлівага свету і месца асобы ў ім. У яго пісьмовых прамовах (зваліся «словамі») мы знаходзім першасныя прыкметы публіцыстычных жанраў і іх кампазіцыйнай пабудовы. Напрыклад, у «Слове Кирила многогрешнаго мниха притча о человечьстей души, и о телеси, и о преступлении Божиих заповедий, и о въскресении телес человечъ, и о будущемъ суде, и о муце» відавочны падзел на займальны пачатак, грунтоўную асноўную частку і вобразны фінал з філасофскімі вывадамі, а таксама выкарыстанне замалёвак з мэтай выклікаць адпаведны настрой у аўдыторыі.
***
Гаворачы пра іншыя карані нашага Інфармацыйнага Дрэва, лічу неабходным засяродзіць увагу на некаторых асаблівасцях беларускага летапісання ў ХІІІ—ХVІ стст.
Справа ў тым, што ў ХІ—ХІІ стст. на беларускія землі траплялі пераважна творы, перапісаныя са складзеных у Кіеве летапісаў і «пахвал» кшталту «Аповесці часовых гадоў» Нестара, «Слова аб законе і благадаці» мітрапаліта Іларыёна, «Памяць і пахвала» Якава Мніха і інш. З аднаго боку, дадзеныя творы ўкаранялі ў масавай свядомасці ідэю яднання рускіх зямель вакол Кіева, г. зн., служылі выкананню бягучых актуальных задач. З другога боку, на шмат стагоддзяў умацавалі ў менталітэце народаў, якія насялялі землі Русі, канструктыўны элемент інтэграцыі, што не губляе актуальнасці і цяпер — яднання на падставе ўзаемакарысных гандлёва-эканамічных інтарэсаў і духоўна-культурнай блізкасці. Менавіта адсюль бярэ пачаткі яшчэ адна важная галіна беларускага Інфармацыйнага Дрэва — інтэграцыйная.
Але прымусовае палітычнае яднанне паводле кіеўскага ўзору перашкаджала народам, якія жылі на Русі, усвядоміць уласную самабытнасць на інтэлектуальна-інфармацыйным узроўні. І толькі з моманту аслаблення цэнтралізаванай кіеўскай улады ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя элементы суверэнітэту пачынаюць пераважаць на беларускіх землях. І паколькі летапісы ў тагачасную эпоху лічыліся найбольш важнымі крыніцамі інфармацыі пра навакольнае асяроддзе і грамадскія працэсы ў дзяржаве, дык менавіта летапісанне істотна паўплывала на фарміраванне культурных і сацыяльна-палітычных асаблівасцей нашай нацыі.
Даследчыкі налічваюць 22 спісы беларускіх летапісаў, якія складаюць чатыры асноўныя групы: «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.», «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і «Хроніка Быхаўца». І кожнай групе была ўласціва сувязь з палітычнай гісторыяй народа, з вядучымі грамадскімі тэндэнцыямі часу.
Беларускае летапісанне выпрацавала шэраг каштоўных традыцый нашай публіцыстыкі. Сярод іх — адлюстраванае ў творчасці імкненне народа спазнаць сваю мінуўшчыну і сваё месца ў гісторыі, захаваць для будучыні імёны і ўчынкі герояў свайго часу, памяць пра значныя падзеі. Як у часы летапіснага пісьменства, так і сёння такія творы выконваюць важную ролю ў духоўным жыцці грамадства, у фарміраванні яго этнічнай самасвядомасці, спрыяюць яго нацыянальнай кансалідацыі.
Традыцыі беларускага летапісання знайшлі працяг у сучаснай прэсе — найперш у метадах сюжэтнага апавядання, жанрава-стылёвай разнастайнасці, займальнага пераказу багатай па змесце гісторыі, вобразнага апісання рэальных падзей.
Ужо ў летапісах ХІV ст. можна знайсці элементы сучаснай публіцыстыкі: цікавае спалучэнне эмацыянальна-узнёслага аповеду пра важныя падзеі і сціслай дакументальна-дзелавой рэгістрацыі дробных фактаў, высокай паэзіі подзвігу і прозы будзённага жыцця, агульначалавечага погляду на з'явы і рытарычных абмежаванняў, спароджаных сімпатыямі аўтара да той ці іншай палітычнай групоўкі.
Аналізуючы неаднародныя паводле свайго складу тэксты «Беларуска-літоўскага летапіса 1446 г.», нельга не заўважыць, што эмацыянальная насычанасць і дынамізм апісання падзей у Полацку ў 1158 годзе маюць відавочныя рысы сучаснага рэпартажу. Так, лаканічнымі, выразнымі і дакладнымі стылёвымі сродкамі летапісец стварае эфект прысутнасці чытача ў творы. Жывасць і нагляднасць апавяданню надае праўдзівая і натуральная, нібыта падслуханая на месцы, простая мова, а таксама неабыякавасць да падзей самога аўтара. Драматычная і займальная фабула ў спалучэнні з майстэрствам апавядальніка стварае цікавы, змястоўны, дакладны і літаратурна беззаганны твор, напісаны па гарачых слядах падзей.
«Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» уласцівыя такія важныя публіцыстычныя элементы, як выразнасць ідэйна-мастацкай задумы і абумоўленая ёй жанравая пабудова. Створаны з мэтай абгрунтаваць поўнаўладнае і незалежнае валадарства Вітаўта Вялікага «Летапіс...» разглядаў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага як значную з’яву ў кантэксце еўрапейскай гісторыі. Таксама «Летапіс...» адрозніваўся ад традыцыйных паліморфных летапісаў тым, што яго структурнымі адзінкамі з'яўляліся не пагадовыя артыкулы, а асобныя сюжэты. Гэта давала магчымасць аўтару весці апавяданне згодна з законам белетрыстыкі — з выкарыстаннем завязкі, кульмінацыі і развязкі. Летапісец не пасіўна следаваў за факталагічным матэрыялам, а праводзіў яго адбор, пакідаючы тое, што садзейнічала сцвярджэнню пэўнай канцэпцыі. Умелае выкарыстанне простай мовы і дыялогаў прыдавала дадатковую жывасць і праўдзівасць апісанню.
Як слушна адзначаў на гэты конт беларускі паэт і навукоўца Алег Лойка, летапісанне Вялікага Княства Літоўскага сцвярджала, «з аднаго боку, рыцарска-гераічныя ідэалы і настроі, з другога — інспірыравала блізкія ўжо да творча-мастацкага пачатку сюжэты легенд, містыфікацыю гісторыі, насычэнне тэксту патрыятычнымі эмоцыямі». З таго часу і да цяперашняга дня гэтыя прыёмы можна ўбачыць у артыкулах і нарысах, прысвечаных гістарычным падзеям. Яскравымі прыкладамі ўвасаблення дадзеных традыцый у беларускім друку напрыканцы ХХ — на пачатку ХХІ стст. могуць служыць цыклы нарысаў Міколы Багадзяжа ў газеце «Чырвоная змена», Ірыны Масляніцынай у часопісе «Беларусь», Уладзіміра Арлова і Генадзя Сагановіча ў «Беларускім гістарычным часопісе», Кастуся Цвіркі ў «Маладосці» і шмат інш.
Як і ў сучасным інфармацыйным працэсе, у тагачасных летапісах і хроніках галоўнымі ньюсмейкерамі былі прадстаўнікі ўладнай эліты, найперш князі. Засяроджваючы ўвагу на справах валадароў, летапісцы адлюстроўвалі ў іх учынках сэнс руху чалавечай гісторыі. Князі на летапісных старонках з'яўляліся паўнамоцнымі выканаўцамі і праваднікамі на зямлі найвышэйшай волі. Укараняючы ў масавай свядомасці пастулат «няма ўлады, што не ад Бога», летапісы такім чынам умацоўвалі інстытут уладнай вертыкалі — асновы функцыяніравання грамадства.
Асабліва яскрава гэта канцэпцыя знайшла сваё ўяўленне ў летапіснай «Пахвале вялікаму князю Вітаўту» (каля 1430 г.). Гэты пастулат — недатыкальнасць самога інстытута ўлады, ажыццяўленне любых змен толькі на яго аснове — з'яўляецца базавым і для сучаснай інфармацыйнай прасторы, засцерагае грамадскі лад ад катастрафічных узрушэнняў. Праз два стагоддзі дадзены пастулат, з улікам новых рэалій, прагучыць больш пераканаўча ў палемічных творах Сымона Буднага. Яшчэ пазней на прынцыпе безумоўнай падтрымкі ўлады будзе базіравацца дзяржаўны друк у часы Расійскай імперыі, а таксама БССР.
Паводле жанравых асаблівасцей вышэйзгаданай «Пахвале Вітаўту» блізкая «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму» (поўная назва — «Пахвала пану Віленскаму, старасту Луцкаму і Брацлаўскаму, маршалку Валынскае зямлі, вялікаму ваяводу, слаўнаму ды вялікаразумнаму гетману, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму». Яна захавалася ў адным з рукапісных зборнікаў, створаных у Супрасльскім манастыры ў першай палове ХVІ ст.). Насычаная натхнёнымі паэтычнымі выразамі, якія чаргуюцца са звесткамі аб падзеях 1514 года, «Пахвала» значна ўзбагаціла тагачасную беларускую мову і сталася своеасаблівым прыкладам для пазнейшай літаратурна-публіцыстычнай мовы.
З ХVІ ст. у беларускім летапісанні пад уплывам пераадолення феадальнай раздробленасці вядучай стала ідэя аб'яднання. Падзеі асвятляюцца ўжо не з мясцовых, а з агульнадзяржаўных пазіцый. Адначасова, нягледзячы на наяўнасць белетрыстычнага апісання, у летапісах развіваўся відавочны журналісцкі пачатак. Канстатацыя асобных фактаў спалучалася з іх дэталізацыяй і тлумачэннем. І хаця эмацыянальна-вобразнае адлюстраванне гісторыі ўсё глыбей пранікала ў змест летапісаў і хронік, для тагачаснага чытача, як і для сённяшняга спажывальніка інфармайнай прадукцыі, асаблівую каштоўнасць мела праўда гістарычнага факта, а не яго мастацкая афарбоўка. Дадатковую эмацыянальную дзейснасць апавяданню надавала якраз вера чытача ў тое, што яму расказваюць пра сапраўдныя падзеі (бо сіла гістарычных вобразаў, як слушна адзначаў вядомы рускі медыявіст Аляксей Гулыга ў сваёй кнізе «Искусство истории», у іх сапраўднасці).
Разам з тым беларускія хронікі змяшчалі і фантастычныя паведамленні пра незвычайныя здарэнні і выдуманых герояў, якія даверлівы чытач Сярэднявечча прымаў за чыстую праўду. Да іх ліку мы адносім велічную і гераічную, але ў аснове сваёй несапраўдную, поўную недакладнасцей гісторыю «рымскага» ўтварэння старажытнай Літвы, пададзенай у «Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» (створана ў 1520-х гг. у асяроддзі літоўскіх арыстакратаў з мэтай абгрунтаваць высакароднасць іх паходжання ад прадстаўнікоў рымскай знаці, якія, маўляў, уцякаючы на караблях ад жорсткасцей «Атылы—Біча Божага», высадзіліся на ўзбярэжжы Балтыйскага мора пры ўпадзенні ў яго Нёмана). Гэта «рымскае» паданне — сплаў наўмыснай фальсіфікацыі і абмежаванасці светапогляду летапісца — можна лічыць правобразам так званай «жоўтай» прэсы — забаўляльная па сваім прызначэнні, другараднай па ідэйным змесце і збольшага насычанай неправеранай інфармацыяй.
Пазней дадзены міф быў зафіксаваны як неаспрэчны гістарычны факт ў папулярнай у той час «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага (выдадзена у Кёнігсбергу ў 1582 г.). Насамрэч, як адзначаў даследчык П. Урбан, «Мацей Стрыйкоўскі... усьлед за Длугашам і фантазіямі тагачасных беларускіх летапісаў паходжаньне ліцьвіноў і жамойтаў... выводзіў ад італійцаў, называючы містычных князёў накшталт Палемона ці Лібона, пісаў, што продкамі ліцьвіноў і жамойтаў былі і аланы, і кімбры, і гепіды, і готы, або нават і печанегі». З твора М. Стрыйкоўскага, які пазней заваяваў славу аўтарытэтнага вучонага, канцэпцыя «рымскага паходжання» старадаўняй Літвы перайшла ў шэраг летапісаў і захоўвае сваю прыцягальнасць для даследчыкаў і сёння.
Мы спасылаемся на першакрыніцу гэтай гістарычна недакладнай канцэпцыі менавіта таму, што яна з'яўляецца бадай што першым сведчаннем непавагі тагачаснай кіруючай эліты да сваёй мінуўшчыны. Вядома, патрыёт Бацькаўшчыны не стане прышукваць уласнаму радаводу рымскія карані. Ды толькі арыстакратыя ХVІ ст. родны край не дужа шанавала і ўсяляк імкнулася адцурацца сваіх каранёў. Канцэпцыя «рымскага паходжання» арыстакратыі (у ХVІІ ст. яе зменіць канцэпцыя «сармацкага паходжання» шляхты) стала першай, але, на вялікі жаль, не апошняй праявай грэблівага стаўлення эліты да сваёй Айчыны. На пачатку ХХ ст. яна надасць вострую актуальнасць праблеме «вяртання да Беларусі». У сучасных умовах аналагічная праблема нігілістычнага стаўлення часткі грамадства да Бацькаўшчыны таксама не губляе актуальнасці (прычым не толькі на Беларусі, але і ў многіх краінах Еўропы). Супрацьпаставіць ёй можна хіба што сістэму патрыятычнага выхавання насельніцтва праз медыя.
Акрамя таго, у «Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» ўпершыню быў агучаны гістарычны міф аб «літоўским заваяванні» беларускіх зямель жамойтамі, нібыта нашчадкамі старажытных рымлян, пасля чаго, маўляў, «пачало множыцца панства Літоўскае». Не жадаючы паглыбляцца ў спрэчкі адносна гістарычных вытокаў Вялікага Княства Літоўскага, мушу, тым не менш, адзначыць, што, па-першае, канцэпцыя, згодна з якой беларусы ўвесь час з'яўляліся паднявольнай нацыяй, якую не заваёўваў толькі лянівы, цалкам непрымальная, а па-другое, звяртаю ўвагу на тое, што «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» з яе яскравай пражамойцкай тэндэнцыяй напісана на старабеларускай мове. Гэта відавочна сведчыць аб прывілеяваным становішчы беларускай мовы і культуры ў дзяржаве, калі нават жамойцкія ідэолагі былі вымушаны свае домыслы выкладаць па-беларуску.
Займальным падаецца ў дадзеным кантэксце і яўнае саперніцтва сярод магнатаў Вялікага Княства Літоўскага ў прыпісванні свайму роду справы ўтварэння дзяржавы. Так у «Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» ідзе гаворка пра тое, што жамойцкі князь Мантывіл паслаў свайго сына Ердзівіла (за якога прымалі роданачальніка князёў Радзівілаў) бараніць заходнюю Русь ад татараў. Між тым, у «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх» гэтую лёсавызначальную місію выконвае ўжо Скірмант, продак магнацкага роду Скірмантаў. Як бачым, ужо на пачатку ХVІ ст. гісторыю перапісвалі на карысць бягучай выгоды. Гэта была першая і далёка не апошняя спроба прывучыць беларусаў да думкі, што яны з’яўляюцца народам з непрадказальнай мінуўшчынай.
У ХVІІ ст. пад уплывам традыцый Барока адбываецца эвалюцыя летапіснага жанру. Традыцыйнае агульнадзяржаўнае летапісанне пакрысе саступае месца хранографам і мясцовым летапісам, у якіх узмацняецца асабовы пачатак, узрастае разуменне каштоўнасці жыцця асобнага чалавека. Яго прыкметы заўважаюцца ўжо ў ХVІ ст. — у тэкстах летапіснай «Пахвалы пану Віленскаму, старасту Луцкаму і Брацлаўскаму, маршалку Валынскае зямлі, вялікаму ваяводу, слаўнаму ды вялікаразумнаму гетману, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму» або ў «Аповесці пра ажэнства караля Польскага і вялікага князя Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Жыгімонта Аўгуста з Барбараю Радзівіл». Але ў эпоху Барока цікавасць да асобы канкрэтнага чалавека адлюстравалася ў з'яўленні такога віду гістарычна-мемуарнай прозы, як дыярушы (дзённікі), аўтабіяграфічныя жыццяпісы, а таксама сямейныя летапісы кшталту «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю» або «Дзённік Тэадора Білевіча, пісаны ў Англіі пра тое, як там вандравалася і жылося» і інш.
Да шэрагу найбольш выдатных помнікаў летапіснага жанру эпохі Барока належыць «Баркулабаўская хроніка». Яе з'яўленне, на маю думку, прадвяшчала традыцыі рэгіянальнага друку, які надае мясцовым клопатам куды больш увагі, чым агульнадзяржаўным праблемам. У адрозненне ад аўтараў ранейшых летапісаў, што глядзелі на падзеі з высокіх грамадска-палітычных пазіцый, складальнікі «Баркулабаўскай хронікі» набліжалі чытача да падзей іншага маштабу — будзённага жыцця і клопатаў простага чалавека. Нацыянальная і еўрапейская гісторыя пераламлялася ў іх праз прызму мясцовых падзей і інтарэсаў.
***
Як ужо згадвалася, значны ўплыў на беларускае Інфармацыйнае Дрэва мела асветніцтва. Менавіта яно дало Дрэву магутны імпульс для развіцця і ў часы Рэнесансу, падчас засваення ідэй гуманізму. Тытанам, што зрушыў гэты працэс, быў Францыск Скарына. Выданне ім у Празе ў 1517—1519 гадах 23 кніг, перакладзеных з чэшскай на старабеларускую мову і аб'яднаных пад назвай «Библия руска выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению», мела эпахальнае значэнне ў нашай культуры, бо сведчыла не толькі пра пачатак беларускага масавага друку, але і пра нараджэнне філасофскай народна-асветніцкай публіцыстыкі, яе прарыў у новую па свайму характару грамадска-літаратурную свядомасць беларусаў.
Падаецца слушным меркаванне выдатнага даследчыка айчыннай мінуўшчыны Адама Мальдзіса пра тое, што публікацыя Францыскам Скарынам Бібліі не ў адной кнізе, а ў дваццаці трох, кожная з якіх мела прадмову і пасляслоўе, давала магчымасць славутаму першадрукару выказацца па найбольш балючых пытаннях сучаснасці, сказаць сваё слова пра рэчаіснасць, паўплываць на яе пазітыўнае пераўвасабленне.
Пры ўважлівым разглядзе прадмоў, пасляслоўяў, рэмарак, адступленняў і тлумачэнняў Скарыны да выдадзеных ім кніг яскрава прасочваецца адна з істотных ідэй, актуальных і ў наш час, — неабходнасць выхавання ў людзях пачуцця нацыянальнай свядомасці. Скарына першы ў гісторыі беларускай грамадскай думкі прыняў на сябе цяжар далучэння суайчыннікаў да агульначалавечай скарбніцы маральных каштоўнасцей, у якую ўваходзілі біблейска-хрысціянскія легенды і антычныя міфы, кодэксы законаў і філасофскія вучэнні, каб выразней паўплываць на фарміраванне самасвядомасці беларускага народа, які на той час усё больш упэўнена асэнсоўваў сябе этнічнай еднасцю на пэўнай геаграфічнай тэрыторыі.
Не будзе перабольшаннем прызнаць, што ў фарміраванні нацыянальнай культуры Скарына адыграў такую ж ролю, як Канфуцый у станаўленні культуры Кітая. Скарынаўская Біблія ў гісторыі нацыянальнай беларускай культуры мела такое ж значэнне, што і Біблія Марціна Лютэра ў культуры нямецкага народа. Сярод каштоўнасцей, якія распаўсюджвалі ў масавай свядомасці кнігі Скарыны, важнейшымі лічацца:
- Спалучэнне хрысціянска-гуманістычных ідэалаў з нацыянальнымі. Упершыню для чытача сцвярджаліся такія нацыянальна-патрыятычныя прыярытэты, як Бацькаўшчына, родная мова, культура.
- Персаналісцкая канцэпцыя чалавека, знітаваная з ідэяй духоўнай свабоды.
- Ідэя вяршынства закону і прававой дзяржавы (асабліва ярка праяўляецца ў тэкстах прадмоў да «Другазаконня» і «Кнігі суддзяў»).
- Усведамленне неабходнасці культурна-рэлігійнага паразумення паміж Усходам і Захадам.
- Непрымальнасць у нацыянальна-культурнай палітыцы прымусу і гвалту (у скарынаўскіх тэкстах адсутнічаюць тэрміны «праваслаўе» і «каталіцтва», гаворка ідзе пра хрысціянства наогул).
- Ідэя развіцця духоўнай культуры на беларускай моўнай падставе.
Акрамя таго, багатыя на гравюры кнігі Скарыны прывучалі чытачоў да таго, што для лепшага разумення зместу неабходны разнастайны ілюстрацыйны матэрыял. У кнігах Скарыны ўпершыню ў сусветным кірыліцкім друкарстве прадстаўлены амаль усе кампаненты мастацкага афармлення кнігі: тытульны ліст, франтыспіс, ілюстрацыі, партрэт, застаўкі, канцоўкі, ініцыялы, наборны арнамент. Наш славуты друкар дэмакратызаваў характар выдання: зменшыў фармат кнігі, удасканаліў шрыфт, насычыў яе мастацкімі атрыбутамі, «абы братия моя русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумати». Наватарскі характар меў гравюрны цыкл скарынаўскай Бібліі. Дарэчы, на думку некаторых скарыназнаўцаў, «доктар з Полацка» ўласнаручна ствараў гравюры — выявы не толькі сябе, але і сваякоў, а таксама найбольш знакамітых палітычных дзеячаў эпохі. Наогул жа вёрстка і набор выданняў Скарыны, кампазіцыя паласы і малюнкі стваралі ўражанне адзінага гарманічнага цэлага.
Гэта дазваляе сцвярджаць, што не толькі кніжнае, але і сучаснае газетна-часопіснае афармленне мае сваім вытокам кнігі Скарыны.
Разам з тым з друку Скарыны, як мне падаецца, пайшла не толькі публіцыстычна-аналітычная, але і забаўляльная галіна нашага Інфармацыйнага Дрэва. Пра гэта сведчыць фармат і змест выдадзенай ім у 1525 годзе ў Вільні «Малой падарожнай кніжыцы», якая спалучала ў сабе рысы малітоўніка і даведніка. Выдадзеная зручным для карыстання малым фарматам «Падарожная кніжыца» змяшчала Псалтыр, рэлігійныя спевы, малітвы (у тым ліку малітву «ў пуць ідучых і па моры плаваючых»), пасхаліі, каляндар са звесткамі пра святцы, працягласць дня і ночы ў розныя поры года, гадавы кругаварот сонца, сузор'і задыяка і фазы Месяца («гібель месяцаву» і «зацямненне сонцава»).
Дзейнасць Скарыны заслугоўвае ўшанавання яшчэ і таму, што абумовіла важную традыцыю сучаснага беларускага друку — асэнсаванне шляхоў і перспектыў выйсця нашай Бацькаўшчыны на ўзровень найбольш развітых краін Еўропы. Яго творчасць з'яўляецца яскравым сведчаннем нязломнасці нашага народа, што, як засведчыў гістарычны вопыт, аказаўся здольным не толькі выжыць, але і ўзбагаціцца новымі духоўнымі і інтэлектуальнымі сіламі ў самых неспрыяльных для гэтага гістарычных умовах. Менавіта таму постаць Скарыны і асэнсаванне яго духоўнай спадчыны і сёння застаецца неад'емнай часткай беларускай публіцыстыкі.
***
Адметныя рысы філасофскай публіцыстыкі Скарыны — лаканічнасць, доказнасць у аналізе рэчаіснасці, лагічнасць — стварылі аснову для развіцця публіцыстычнай творчасці яго ідэйных паслядоўнікаў. І гэтыя рысы адыгралі надзвычай станоўчую ролю, паколькі ў далейшым публіцыстыка развівалася пераважна ў палемічнай галіне. Гэта было звязана з тым, што ў ХVІ ст. на Беларусі абвастрылася ідэалагічна-рэлігійнай барацьба паміж каталіцтвам і праваслаўем, прыспела неабходнасць бараніць нацыянальна-культурную свядомасць ад уціску польскай палітычнай і моўнай экспансіі.
Узорам палемічнай літаратуры ХVІ—ХVІІ стст., якая моцна ўплывала на фарміраванне грамадска-палітычнай думкі на Беларусі, умацаванне патрыятызму і пачуцця нацыянальнай годнасці, стала публіцыстыка прадмоў і пасляслоўяў, без якіх не друкавалася амаль ніводная кніга.
Выданне Сымонам Будным у Нясвіжскай друкарні ў 1562 годзе «Катехисиса» на старабеларускай мове, Васілём Амельяновічам-Цяпінскім — «Евангелля», Лаўрэнціем Зізаніем — «Граматики славянського языка» і інш. сведчыла аб пераемнасці публіцыстычнай традыцыі, закладзенай Кірылам Тураўскім і больш глыбока распрацаванай Францыскам Скарынам, — захаванне сваёй мовы і культуры, сцвярджэнне нацыянальнай адметнасці мажліва перш за ўсё на глебе пашырэння асветы і адукацыі. На пачатку ХХ ст. гэтая традыцыя будзе прадоўжана на якасна новым узроўні газетай «Наша ніва», напрыканцы ХХ ст. — выданнямі «Літаратура і мастацтва», «Культура», «Полымя», «Маладосць», «Крыніца», «Адукацыя і выхаванне».
Цікава адзначыць, што напрыканцы ХVІ ст. надзеі асветнікаў на ўсямернае пашырэнне айчыннай мовы і культуры ўскладаліся не на ўлады, а на дабрачыннасць фундатараў. Недарма Сымон Будны ў прадмове да свайго «Катехисиса» выказваў гарачую падзяку князю Радзівілу, у друкарні якога выдаваліся кнігі на беларускай мове. Фундатарам другога знакамітага выдання Буднага — «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — выступіў канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Астафій Валовіч, дзейнасць чыю ў выдавецкай галіне беларускі даследчык Іван Саверчанка характарызаваў як узор гуманістычнага асветніцкага мецэнацтва.
Выданне Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 годзе фінансаваў князь Леў Сапега. Ён жа напісаў і прадмову да Статута, у якой абгрунтаваў ідэю прававога грамадства. Паводле Сапегі, карысць грамадзян можа быць гарантавана толькі прававым статусам, і закону абавязаны падначальвацца не толькі падданыя, але і ўладары. З аднаго боку, у творы Л. Сапегі займела працяг каштоўнасць, упершыню агучаная Ф. Скарынам, з другога, ёсць падставы меркаваць, што прадмова Л. Сапегі спрычынілася да ўтварэння новай важнай галіны беларускага Інфармацыйнага Дрэва — друку, прысвечанага абароне права і заканадаўства.
Іншую важнейшую скарынаўскую традыцыю — неабходнасць усямерна пашыраць ужыванне роднай мовы — разглядаў у прадмове да выдадзенага ім «Евангелля» Васіль Цяпінскі. У часы Контррэфармацыі, у 1570—1580-х гадах, В. Цяпінскі першым звярнуў увагу на небяспечны грамадскі сімптом — «езыка своего славного занедбанне» ўладнай элітай Вялікага Княства Літоўскага, між тым як менавіта на сацыяльнай эліце і дзяржаўным кіраўніцтве ляжыць адказнасць за лёс нацыянальнай культуры. Такім чынам, В. Цяпінскі ўпершыню ў гісторыі айчыннай філасофска-публіцыстычнай думкі так востра паставіў праблему ратавання культуры і мовы нашага народа.
Калі ў прадмовах і пасляслоўях Ф. Скарыны відавочныя вытокі канцэпцыі духоўнага суверэнітэту беларусаў, дык у прадмове В. Цяпінскага — ідэі гуманістычнага патрыятызму. Абедзве гэтыя катэгорыі натуральным чынам вынікалі з асаблівасцей нацыянальнага менталітэту і надалі імпульс далейшаму фарміраванню нашага Інфармацыйнага Дрэва.
Гаворачы аб творчасці паслядоўнікаў Ф. Скарыны, трэба засяродзіць увагу яшчэ на адным важным моманце. Справа ў тым, што з ХVІ—ХVІІ стст. неад'емнай прыналежнасцю беларускай грамадска-філасофскай думкі становіцца дыскусія аб суадносінах усходняга і заходняга светапогляду, іх падабенстве і адрозненнях, магчымасцях або немагчымасцях іх узаемадзеяння і ўзаемаразумення.
Нагадаем, праблема духоўна-культурнай спецыфікі Усходу і Захаду такая ж старая, як і пытанне аб суадносінах духу і матэрыі, свядомасці і быцця. Яшчэ ў дыялогу Платона «Цімей» (V ст. да н. э.) ішла гаворка аб прынцыповым адрозненні егіпецкай («усходняй») традыцыяналісцкай культуры ад элінскай («заходняй») культуры, у якой традыцыя адыгрывала нязначную ролю. На беларускія землі грамадска-філасофская праблема «Усход—Захад» пранікла разам з хрысціянствам, прычым першапачатковы выбар быў зроблены на карысць усходняй грэка-візантыйскай культуры.
У ХVІ—ХVІІ стст. у грамадскай думцы Беларусі ў сувязі з узмоцненым націскам польска-каталіцкай экспансіі сутыкнуліся такія філасофска-публіцыстычныя плыні праваслаўна-кансерватыўнага (маюцца на ўвазе «антылацінскія» творы прапаведнікаў Арцемія, Івана Вішэнскага, Андрэя Курбскага, якія распаўсюджваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім праваслаўнымі брацтвамі) і празападнага характару. Але ў творчасці паслядоўнікаў скарынаўскай традыцыі — С. Буднага, В. Цяпінскага, А. Валана, Л. Зізанія, Л. Сапегі, С. Полацкага і інш. — мы бачым трэцюю, прагматычную і разам з тым перспектыўную і сёння пазіцыю — інтэграцыйную. Адмаўляючы як канфрантацыю, так і капітуляцыю, гэтыя дзеячы рэнесансна-гуманістычнага руху сцвярджалі: Усход і Захад павінны весці паміж сабой канструктыўны дыялог, заснаваны на добраахвотнасці, узаемнай цярплівасці, сінтэзе духоўна-культурных каштоўнасцей.
Інтэграцыйны накірунак не толькі істотна спрыяў сінтэзу культурна-філасофскіх каштоўнасцей Усходу і Захаду на беларускай глебе, але і бараніў родную мову і культуру. Тое, што гэты накірунак спрыяе станаўленню нацыянальна-патрыятычнай свядомасці, было яскрава засведчана ў творы славутага дзеяча Рэфармацыі Сымона Буднага «Катехисис, то ест наука стародавная христианская от Светого писма для простых людей языка русского, в пытаниях и отказех собрана». У прадмове да гэтай першай кнігі, выдадзенай на тэрыторыі Беларусі на роднай мове ў 1562 годзе, аўтар заклікаў суайчыннікаў, каб «не только в чужоземских языцех кохали, Але бы ся теж и того здавна славного языка словенского размиловати и оным ся бывити рачыли…»
Хацелася б звярнуць увагу і на тыя гуманістычныя прынцыпы, пра якія даводзіў са старонак сваіх твораў С. Будны — прэзумпцыя невінаватасці, вяршэнства законаў, рэлігійная цярпімасць, дзяржаўны і нацыянальна-культурны суверэнітэт і інш. І тое, што шэраг з іх быў афіцыйна зафіксаваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваным і надрукаваным на ўласныя сродкі ў 1588 годзе Львом Сапегам, сведчыць пра іх універсальнасць. Аднак дадзеная дзейснасць друкаванага слова аказалася магчымай найперш таму, што С. Будны працягваў традыцыю, агучаную яшчэ ў «Пахвале Вітаўту» у XV ст., — недатыкальнасць самога інстытута ўлады. Гэты пастулат зафіксаваны ў наступных развагах славутага гуманіста ў яго творы «Вызнанне хрысціянскага збору Вялікага княства аб уладзе і ўсялякім урадзе коратка пацверджанае Святым Пісьмом»: «Найперш, кожны ўрад, улада і ўсе правіцелі — ад Бога. Незалежна ад таго, які паводле сваёй сутнасці ўрад — добры ці злы, богабаязны ці, наадварот, сама высокі, сярэдні ці найніжэйшы — усялякі пастаўлены Богам».
І хаця ў пазнейшыя часы нядобразычліўцы вінавацілі С. Буднага за гэтыя радкі ў канфармізме, але я лічу неабходным падкрэсліць, што сапраўдны сэнс гэтай традыцыі заключаецца найперш у захаванні грамадскага ладу ад разбуральных пераўтварэнняў, у сімпатыі да эвалюцыйнага, а не рэвалюцыйнага шляху змен. І як пакажа далейшы гістарычны досвед, павага да інстытутаў улады куды болей спрыяла канструктыўным рэформам, чым поўнае разбурэнне вертыкалі ўлады.
Адпаведным прыкладам можа служыць выданне ў 1576 годзе ў Лоскай друкарні ў перакладзе С. Буднага кнігі Эдмонда Фрыза (сапраўднае імя — Франсуа Готман, французскі публіцыст) «Пра фурыі, або Вар'яцтвы французскія», у якой апісваліся падзеі Варфаламееўскай ночы. Відавочна, што, паводле намеру С. Буднага, гэтая кніга павінна была перасцерагчы ўладную эліту Вялікага Княства Літоўскага, паказаць, да якіх крывавых наступстваў прыводзіць рэлігійная нецярпімасць і ганенні на іншадумцаў. Такім чынам развівалася важная традыцыя нашай міжнароднай журналістыкі — зварот да актуальных падзей у замежжы, каб давесці да ведама суайчыннікаў адпаведныя высновы.
На той жа ж перыяд, другую палову XVI стагоддзя, прыпадае і публікацыя шэрагу публіцыстычных твораў Андрэя Волана — ураджэнца Мядзельшчыны, каралеўскага сакратара, тэарэтыка права, філосафа і рэлігійнага пісьменніка. Найбольшы рэзананс выклікала яго «Прамова да Сената Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, або Якім павінна быць праўленне дабрачыннага караля» (апублікавана ў 1573 г.), якая па сваёй сутнасці і змесце заклала пачаткі такой галіны Інфармацыйнага Дрэва, як перадвыбарчая журналістыка.
«Прамова да Сената» А. Волана ўпершыню змяшчала ідэйныя-стылёвыя элементы, характэрныя сёння для інфармацыйна-прапагандысцкіх публікацый у часы парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў: азначэнне палітычных пралікаў і маральных заган папярэдняга носьбіта ўлады, крытычны аналіз дзяржаўнага становішча ў бягучы момант, акрэсленне гранічна патрэбных грамадству рэформ і г. д.
Адначасова ў ХVІ—ХVІІ стст. у грамадскай думцы Рэчы Паспалітай адбываецца актыўны пошук дзяржаўнага ідэала. Да яго апелявалі як да стымулу пераўтварэнняў у грамадстве, неабходнасць якіх паўсюдна адчувалася. Шырокую вядомасць сярод адукаванай часткі грамадства набыў польскамоўны трактат Міхалона Літвіна (псеўданім дыпламата і сакратара караля Жыгімонта ІІ Аўгуста Венцэслава Мікалаевіча) «Аб норавах татар, ліцвінаў і масквіцян» (выдадзены ў 1615 г.). Трактат быў прасякнуты трывогай за лёс Рэчы Паспалітай і змяшчаў прапановы прыспелых і жыццёва неабходных рэформ у галіне судавытворчасці, культуры і побыту паводле ўзору ідэалізаваных парадкаў у Рускім царстве і Крымскім ханстве.
Амаль гэтаксама праз чатыры стагоддзі, у часы гарбачоўскай перабудовы, савецкія выданні будуць ідэалізаваць вопыт гаспадарання ў краінах Заходняй Еўропы і Злучаных Штатах Амерыкі з мэтай актывізаваць уладную эліту да правядзення рэформ. Замежны досвед, як і ў ХVІІ ст., будзе дэманстравацца ў якасці каталізатара пераўтварэнняў.
Далейшаму росту беларускага Інфармацыйнага Дрэва напрыканцы ХVІ стагоддзя спрыяла інтэнсіўная кнігавыдавецкая дзейнасць братоў Мамонічаў, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, а таксама распаўсюджанне рукапісных царкоўна-палемічных твораў, напрыклад, «Послания до латин из их же книг», «Поучение, новосложенное во Литвании» (апошнія дзве створаны манахамі Супрасльскага манастыра як адказ на кнігу вядомага папулярызатара ідэй уніяцтва Пятра Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага»).
Асновай фарміравання новай філасофіі — адстойвання рознымі сацыяльнымі групамі сваіх грамадскіх праў ад ціску дзяржаўна-чыноўніцкіх структур — сталіся папулярныя ў тую пару на Беларусі ананімныя кнігі «Ключ Царства Небесного и нашей христианское духовное власти нерушимы узел» і «Календарь римски новы» (выдадзеная ў 1587 г.), «О единой истинной православной вере и о святой соборной апостольской церкви» Васіля Суражскага (выдадзеная ў 1588 г.), «Казанье Святого Кирилла, патриарха Иерусалимского, о антихристе и знаках его, з росширением науки против ересей розных» Стэфана Зізанія (выдадзеная ў 1596 г.). Як бачым, меў падставы сцвярджаць выдатны даследчык нашай мінуўшчыны В. Пічэта, што «дзякуючы кнігадруку стала даступным Свяшчэнае Пісанне, перакладзенае на народную мову, а таксама рознастайныя апалагетычныя і дагматычныя сачыненні, што наогул садзейнічала ўзмацненню цікавасці да запытаў рэлігіёзнай думкі і рэлігіёзнай творчасці». Гэта ў сваю чаргу ўмацоўвала ў грамадскай думцы пастулаты «заходнярускага Адраджэння, якое мела вызначаны індывідуалістычны характар, знаёміла шляхецкую дэмакратыю з рымскім правам і рабіла яе асабліва настойлівай у абароне сваіх індывідуальных правоў».
Менавіта дэклараванасць дадзеных пастулатаў дазволіла ў пачатку і напрыканцы ХХ ст. шэрагу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі сцвярджаць, што ў дадзены перыяд у Вялікім Княстве Літоўскім трыўмфавала Адраджэнне і далейшы шлях нашага народа будзе ўяўляць сабой «вяртанне да Беларусі» і да тагачасных ідэалаў, у прыватнасці, шырокага ўкаранення беларускай мовы, абароны праў асобы і інш. Не жадаючы паглыбляцца ў гэта досыць спрэчнае пытанне, мы аднак лічым неабходным заўважыць, што многія пастулаты тагачаснага Адраджэння мелі выключна дэкларатыўны характар і сістэматычна парушаліся ў рэальнасці. Дарэчы самі сучаснікі ХVІ ст., калі меркаваць па тагачасных мемуарах, не падазравалі, што жывуць у «залатое стагоддзе», наадварот, шмат што ў рэчаіснасці прыводзіла адукаваных людзей той эпохі ў роспач. Таму так званая «залатая эпоха Беларусі» з'яўляецца ўсяго толькі культурным міфам, прыдуманым на мяжы ХІХ—ХХ стст., каб актывізаваць культурна-асветніцкія высілкі беларускай інтэлігенцыі на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
З другога боку, не выклікае пярэчанняў іншы здабытак эпохі беларускага Адраджэння. А менавіта шырокі размах кнігадрукавання ў ХVІ ст. (друкарні адкрыліся ў Брэсце — з 1553 г., у Нясвіжы — з 1562 г., у Цяпіна — з 1565 г., у Заслаўе — з 1571 г., у Лоску — з 1574 г., пазней былі абсталяваны ў Ашмянах, Буйнічах, Бялынічах, Куцейне, Магілёве, Мінску, Слуцку) абумовіў узнікненне неперыядычных выданняў, газет-аднадзёнак, прысвечаных значным падзеям свайго часу.
Так, яшчэ ў 1920-я гады ў каталогу рукапісных выданняў Бадлейскай бібліятэкі Оксфардскага ўніверсітэта захоўвалася сем беларускіх неперыядычных лістовак газетнага тыпу. Першая з іх паведамляла аб пачатку вайны паміж Маскоўскім царствам і Вялікім Княствам Літоўскім і мела назву «Новіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьнем, мест, замков добываньем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. З доданьем релацыей Его Мілості Гетмана В. К. Л. Княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1563».
На жаль, пазнейшыя, у 1960-х гадах, пошукі арыгіналаў не далі станоўчых вынікаў. Даследчыкам не пашчасціла знайсці ані вышэйзгаданы рарытэт, ані «Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571», ані «Эдыкт з замку Полоцкаго, 1597», ані «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі, 1580», ані «Новіны о взятьі Смоленска, або тріумф радосны, 1610», ані іншыя выданні, упершыню згаданыя ў 1922 годзе ў часопісе «Беларускі сьцяг», які выдаваўся ў Коўна, у паведамленні, падпісаным псеўданімам Being. Тым не менш, гэта дало падставы некаторым даследчыкам меркаваць, што «Новіны грозныя...» і іншыя лістоўкі спрычыніліся да пачаткаў беларускіх газетных выданняў і нават належаць да ліку «першых беларускіх часопісаў».
Я не падзяляю энтузіазму такіх даследчыкаў, паколькі навука не прызнае дапушчэнні і абапіраецца на доказы. А такія доказы, як, напрыклад, экзэмпляры «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, у пацверджанне дадзенай гіпотэзы не прадстаўлены. Аднак сама звестка пра існаванне такіх лістовак-аднадзёнак дае падставы меркаваць аб наяўнасці каранёў, дзякуючы якім з цягам часу на беларускім Інфармацыйным Дрэве забуяе яшчэ адна каштоўная галіна — патрыятычная.
***
У пачатку ХVІІ ст. Беларусь сталася арэнай першай буйнамаштабнай інфармацыйнай вайны. Яе пачатак датуецца 5 красавіка 1621 года, калі вядомы праваслаўны дзеяч і пісьменнік Мялецій Сматрыцкі апублікаваў «Верыфікацыю нявіннасці», у якой бараніў права канстанцінопальскага патрыярха прызначаць святароў на царкоўныя пасады без узгаднення з каралём Рэчы Паспалітай. Уніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі неадкладна адгукнуўся на твор Сматрыцкага лацінамоўным трактатам «Sowita wina», у якім нагадваў, што паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага прызначэнне на ўсе адказныя пасады, у тым ліку і царкоўныя, — прэрагатыва манарха. М. Сматрыцкі тэрмінова выдаў палемічны адказ пад тытулам «Абарона Верыфікацыі». Я. Руцкі напрыканцы таго ж 1621 года публікуе ў славутай друкарні братоў Мамонічаў «Экзамен Абароны». Але ў 1622 годзе М. Сматрыцкі выдае ў Вільні ўжо тры палемічныя кнігі запар: «Апендыкс», «Эленхус» і «Юстыфікацыю», у якіх адстойвае права дысідэнтаў (так называлі ў Рэчы Паспалітай праваслаўных, пратэстантаў, кальвіністаў і інш.) на свабоду веравызнання. Да дыскусіі паміж Я. Руцкім і М. Сматрыцкім неўзабаве далучыліся Я. Тышкевіч, А. Храптовіч, М. Трызна і Я. Мялешка, якія апублікавалі скіраваны супраць іерархаў праваслаўнай царквы «Ліст да законнікаў манастыра Святога Духа», а таксама А. Сялява, які выдаў кнігу «Антыэленхус», дзе ганіў довады М. Сматрыцкага.
Для мяне ў гэтай палеміцы найболей важным з’яўляецца тое, што яна тычылася актуальнай і для нашага часу праблемы свабоды сумлення. Пад пяром Мялеція Сматрыцкага ў трактаце «Фрынас, або Плач усяленскай усходняй царквы» (выдадзены ў Вільне ў 1622 г. пад псеўданімам Феафіла Арфолага) упершыню прагучала думка пра тое, што большасць грамадства (мелася на ўвазе каталіцкая) мусіць паважаць рэлігійнае сумленне меншасці. Гэтая канцэпцыя, прынамсі, сваімі каранямі вынікае з тэорыі Платона аб палікратыі як найбольш спрыяльнай для чалавецтва форме кіравання і, як мне падаецца, у поўнай ступені адпавядае нашаму нацыянальнаму менталітэту. Толькі пры ўмове палікратычнасці дзяржава акажацца жыццяздольнай перад знешнімі і ўнутранымі пагрозамі. У адваротным выпадку такую дзяржаву чакае катастрофа. І слушнасць думак М. Сматрыцкага пазней пацвердзілі разбуральныя войны часоў Патопу і Руіны 1648—1672 гадоў. Такім чынам, менавіта падчас палемікі 1620-х гадоў упершыню прагучала карысная і па-ранейшаму актуальная для нашага часу канцэпцыя палікратычнага ладу, пры якім большасць грамадства ставіцца з павагай да інтарэсаў рэлігійных або нацыянальных меншасцей.
Сярод іншых вядомых палемічных твораў, што ўзнялі грамадска-палітычную думку на новы ўзровень развіцця, безумоўна, нельга не адзначыць ананімны твор-пародыю «Грамата, пісаная да Святога Пятра», а таксама «Прамову Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» Цыпрыяна Камунякі (усе апублікаваныя ў 1655 г.), дзе рэзка асуджалася карупцыя, злоўжыванні ўладай і бяздарнасць вышэйшых колаў Рэчы Паспалітай.
Характэрным для развіцця беларускага Інфармацыйнага Дрэва было тое, што поруч з ваяўнічымі ідэямі непрымірымасці ў грамадскай думцы трывала суіснавала тэндэнцыя памяркоўнасці і пошуку ўзаемапаразумення. У дадзены перыяд яна праяўлялася, праўда, не ў папулярным палемічным друку, а ў паэтычнай творчасці. Маю на ўвазе яскравы прыклад гуманістычнага маральна-павучальнага твора праваслаўнай філасофскай культуры ХVII ст. — польскамоўную паэму ўраджэнца Магілёва Фамы Яўмевіча «Лабірынт, або Заблытаны шлях, дзе цудоўная Мудрасць, зыходзячы са сваіх абавязкаў, панам магілеўчанам і некаторым іншым, якія ў пачынаннях падобныя да іх, паказвае больш кароткі і значна лепшы шлях да дабрачыннасці» (выйшла асобнай кніжкай у 1625 годзе з друкарні вядомага кракаўскага выдаўца Ф. Цэзарыя). У ёй Ф. Яўлевіч рыфмаванымі радкамі сцвярджаў, што вышэйшым ідэалам грамадства з’яўляецца «агульнае дабро» і дзеля яго дасягнення трэба абапірацца на грамадзянскую згоду, на веру бацькоў, сінтэзаваную з філасофіяй, і, зразумела, на навуку, г. зн. на фактар сацыяльна-этычны, рэлігійна-духоўны і адукацыйна-выхаваўчы.
На жаль, тагачасная эліта Рэчы Паспалітай была сарыентаваная не на «агульнае дабро», як раіў Ф. Яўлевіч, але на канфрантацыю з дысідэнтамі. Вынікам сталіся эпохі «Руіны» і «Патопу» ў 1648—1673 гадах, якія больш чым удвая скарацілі насельніцтва беларускіх зямель.
Таксама ў гэты перыяд назіраецца далейшае развіццё філасофскай думкі. Традыцыі Кірылы Тураўскага своеасаблівым чынам працягвалі лацінскамоўныя творы філосафаў Марціна Сміглецкага і Лукі Залускага.
Філасофска-палемічныя творы доктара тэалогіі Віленскай акадэміі Сміглецкага «Апісанне навагрудскага дыспута з Янам Ліцыніем» (выдадзены ў Вільні ў 1594 г.), «Пра бажаство спрадвечнае Сына Божага» (выдадзены ў 1595 г.), «Віленскі дыспут з Даніэлем Мікалаеўскім пра аднаго яўнага кіраўніка Царквы Божай» (выдадзены ў 1599 г.) і складзены на аснове лекцый трактат «Логіка» (выдадзены ў 1618 г.) тлумачылі чытачам законы быцця, месца асобы ў свеце і шляхі ўдасканалення чалавекам сваёй існасці ды грамадства.
Глыбокія па філасофскай сутнасці і практычнай карысці думкі мы сустракаем у творах іншага мысліцеля XVII ст. — ураджэнца Беларусі доктара філасофіі Лукі Залускага, які ў сваім грунтоўным творы «Агульная філасофія» (выдадзены ў Вільні ў 1640 г.) вучыў чытачоў мысліць самастойна, здабываць свабоду ўнутраную, дзякуючы якой пашырыцца свабода і ў грамадскіх стасунках. І па сённяшні дзень не губляюць актуальнасці такія выказванні Лукі Залускага, як: «Спазнанне многага вартае славы ў тым выпадку, калі веды ўвасабляюцца ў справах; але калі ты не ажыццяўляеш таго, што мог бы ажыццявіць, то веды твае згубяць усялякую вартасць... Што ў гэтых выкшталцоных разуменнях пра Бога і інтэлігенцыю, пра ўвесь сусвет, калі нядбайнае жыццё зганьбіць такія ўзвышаныя веды? Правільна філасоўстваваць — гэта значыць, спазнаўшы многае і ледзьве не ўсё, ажыццявіць менавіта найлепшае».
Такім чынам, як бачым, філасофскае ўсведамленне рэчаіснасці і навакольнага асяроддзя мусіць служыць рэальным пераменам да лепшага як у жыцці асобы, так і ўсяго грамадства. Не дзіва, што пазней філасофская галіна будзе актыўна развівацца на Інфармацыйным Дрэве Беларусі. Бо каб адбываліся станоўчыя змены ў рэальнасці, яны павінны спярша ўнайсці сваё месца ў свядомасці аўдыторыі. Гэтая філасофская галіна атрымае працяг напрыканцы ХХ — пачатку ХХІ ст. у публіцыстыцы Уладзіміра Вялічкі (на старонках часопіса «Беларуская думка»), Барыса Ляпешкі («Беларусь сегодня»), Ігара Бабкова («АRСНЕ»), Таісы Бондар («Беларусь»), Пятра Васючэнкі («Мастацтва») і інш. І хоць часта філосафы-публіцысты будуць адстойваць кардынальна супрацьлеглыя палітычныя пазіцыі, з’яднае іх адно — клопат пра Бацькаўшчыну, пра дабрабыт і духоўнае здароўе свайго народа. Фактычна пра тое самае, што хвалявала філосафаў-палемістаў і чатыры стагоддзі таму.
Спусташальныя войны Рэчы Паспалітай у ХVІІ—ХVІІІ стст. са Швецыяй, Расіяй і Турцыяй істотна прыпынілі развіццё Беларускага Інфармацыйнага Дрэва. Таксама сур'ёзным адмоўным фактарам служыла ўзмацненне польскага культурна-палітычнага прыгнёту. Адной з яго красамоўных праяў з'яўляецца рэкамендацыя сейма Рэчы Паспалітай у 1696 годзе не ўжываць беларускую мову ў афіцыйнай дакументацыі. Але той жа сеймавы дакумент сцвярджаў, што «ўсе папярэднія акты, запісы, рашэнні і паказанні захоўваюць сваю моц», а члены калегій гарадскіх і земскіх судоў абавязаны ведаць акрамя польскай старабеларускую мову. Насамрэч рашэнне сейма 1696 года дэ-юрэ замацавала становішча, якое ўжо мела месца дэ-факта. З другой паловы XVII ст. шляхта Вялікага Княства Літоўскага актыўна пераймала польскія звычаі і мову, спадзеючыся такім чынам «узвысіцца» да шэрагу цывілізаваных нацый. Пры такой сістэме новых маральных каардынат родная мова падаецца ўжо «мужыцкай», а родны край — «дзікунскім».
У выніку працэс фарміравання Інфармацыйнага Дрэва Беларусі запаволіўся амаль на стагоддзе. Аднак не спыніўся.
Ужо ў часы панавання дынастыі Сасаў у Рэчы Паспалітай (1697—1763) насельніцтва беларускіх зямель адчувае ўсё больш вострую неабходнасць у аператыўным і шырокім інфармаванні аб надзённых праблемах палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. Здаволіць яе мог хіба што сістэмны перыядычны друк. Для яго ўзнікнення на Беларусі ўжо меліся неабходныя фактары, у прыватнасці:
- Навукова-тэхнічны прагрэс, які значна спрасціў тэхналагічны працэс выдання.
- Рост гарадоў і, адпаведна, зацікаўленай у навінах і рэкламе аўдыторыі.
- Культуралагічная плынь (развіццё фальклору, літаратуры і філасофіі), якая спарадзіла плеяду выдаўцоў, рэдактараў і журналістаў.
Упершыню ідэя стварэння газеты на Беларусі была агучана не ў самы прыдатны для такой справы час, а менавіта ў 1707 годзе, калі на тэрыторыі Беларусі адбывалася вайна паміж Швецыяй, Расіяй і Рэччу Паспалітай. Вядомы грамадскі дзеяч Станіслаў Шчука, які жыў тады ў Мінску, напісаў зварот-праект да Сейма з прапановай друкаваць правінцыяльныя інфармацыйныя выданні і бясплатна іх распаўсюджваць праз паштовыя станцыі.
Пазней, у сярэдзіне ХVІІІ ст., прадстаўнікамі роду Радзівілаў быў агучаны праект выдання грамадска-палітычнай «Нясвіжскай газеты».
І хоць ані радзівілаўскі праект, ані праект Станіслава Шчукі не рэалізаваліся, сама іх наяўнасць сведчыць пра тое, што ў гэты час на Беларусі ўжо існавала ўяўленне аб тыпалогіі перыядычнага друку.
У другой палове ХVІІІ ст., калі Беларусь акрыяла ад наступстваў спусташальнай Паўночнай вайны, на яе землях склаўся дастатковы матэрыяльна-культурны падмурак для таго, каб аб'яднаць вышэйшыя дасягненні грамадскай думкі з палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі запатрабаваннямі насельніцтва. Механізмам такога яднання сталі газеты і часопісы. І калі яны нарэшце з’явіліся на Беларусі, наша Бацькаўшчына ўступіла ў новую эпоху цывілізаванага развіцця — эпоху асэнсавання рэчаіснасці і месца чалавека ў ёй. Аднак больш падрабязна пра акалічнасці той цікавай эпохі пойдзе гаворка ў наступнай лекцыі.
Пакуль жа, падсумоўваючы расповед, зазначу, што дагэтуль гаворка ішла пра дажурналісцкія з’явы — своеасаблівае карэнне беларускага Інфармацыйнага Дрэва. За шэсць стагоддзяў, якія мінулі з часу стварэння першых жыцій, Дрэва пусціла глыбокія карані, аднак сапраўдны росквіт чакаў яго наперадзе — у журналісцкі перыяд, які распачнецца са з’яўленнем першых выданняў і працягнецца да сённяшняга дня.