10 ліпеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца пятая лекцыя з цыкла «Сны самотнага дзьмухаўца», прысвечанага жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі.
Яе назва – «Ажынавая зіма». Гэта будзе аповед пра самую сярэдзіну жыцця пісьменніцы і той перыяд яе творчасці, калі было напісана ўсё самае «ключавое», прынамсі, «праграмнае»: «Нізіны», «Дзюрдзі», «Над Нёманам», «Хам». Паспрабуем перанесціся на Элізіна лецішча той пары і паказаць найпрыгажэйшую прыродную з’яву, якая якраз і нагадвае «ажынавую зіму».
Зрэшты, «ажынавай зімой» быў гэты перыяд у асабістым жыцці пісьменніцы. Што даводзілася ёй перажываць і як атрымлівалася пакуты душы ператвараць у радкі мастацкіх твораў, ды так, што за гэтыя радкі яна ледзь не атрымала Нобелеўскую прэмію? І што пра яе творчасць думалі «канкурэнты» – Генрых Сянкевіч і Леў Талстой? Пра «дамскую литературную стряпню, из которой хлеба не испечь и шубы не скроить» – і жаночую мужнасць, а таксама пра тое, што схавана ў міжрадкоўі «Нізін».
НІА