У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працягваецца цыкл адкрытых лекцый Святланы Воцінавай «Сны самотнага дзьмухаўца» па старонках біяграфіі польскай пісьменніцы беларускага паходжання Элізы Ажэшкі. Праект стартаваў 5 чэрвеня 2019 года і рэалізуецца кожную сераду.
Тэма чацвёртай лекцыі, якая адбудзецца 26 чэрвеня а 18-й гадзіне, – «Бізнес-пані».
24 ліпеня 1879 года Эліза Ажэшка атрымлівае пасведчанне аб адкрыцці ў Вільні кнігарні з правам гандлю кніжкамі на ўсіх мовах, акрамя яўрэйскай, і бібліятэкі з правам трымання ў ёй кніжак на ўсіх мовах, акрамя польскай. Чым была кнігарня ў тагачасным разуменні слова і з’явы? Прынамсі, у Элізы Ажэшка і суполкі? Кніжная крама, чытальная зала, бібліятэка, рэдакцыя і выдавецтва – пяць у адным. Пані Эліза працавала як заснавальнік, дырэктар, рэдактар, выдавец, маркетолаг і рэкламны агент адначасова, і ўсё гэта – не выязджаючы з Гродна. Справаздачы ад партнёраў у Вільні яна атрымлівала кожны тыдзень і раз на месяц – фінансавыя падрабязнасці. Трохі непакоілі яе гэтыя партнёры – «адзін экстрафлегматычны, другі ультрахалерычны, адзін паўзе як чарапаха, другі нясецца, як лакаматыў»…
Лекцыя пазнаёміць слухачоў з наступнымі пытаннямі:
- Першы бізнес – «на словах»: фабрыка рукавічак.
- Нешта трэцяе паміж «Ісусам Хрыстом» і «Ізабэлай Іспанскай».
- Канкурэнт Завадскі «рве сабе з галавы валасы».
- Argus, Bodziec, Cerber, Dzwonek – A, B, C, D?
Пра акалічнасці існавання ў Вільні кнігарні «Эліза Ажэшка і С-ка»: краўдфандынг і «партызанскі маркетынг» ХІХ стагоддзя.
НІА