Пра станаўленне рэлігійнага жыцця ў краіне расказвае выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі. Праваслаўе, каталіцызм, іўдаізм, іслам — усе асноўныя рэлігіі свету гарманічна суіснуюць у адной зале выстаўкі «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці», як і ва ўсёй краіне. Не абышлося тут і без экспанатаў часоў язычніцтва — першых спроб нашых продкаў растлумачыць сутнасць чалавечага жыцця. Усе гэтыя вераванні — прыступкі, якія вызначылі нацыянальныя асаблівасці духоўнага аблічча беларусаў і працягваюць удзельнічаць у фарміраванні каштоўнасцяў грамадства.

Столькі пісьменнікаў разам у адным горадзе могуць сабрацца толькі ў гэты дзень. Для літаратараў прадумалі асаблівую пляцоўку, дзе людзі маглі паслухаць «Слова пісьменніка» (самі аўтары чыталі свае творы). Прыехалі пісьменнікі вядомыя і прадстаўнікі літаб’яднанняў розных гарадоў і мястэчак Беларусі. Прадстаўлялі свае кнігі, раздавалі аўтографы. Толькі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Полацк завіталі каля 150 аўтараў, а яшчэ мясцовыя творцы, ды вольныя майстры слова, што разумеюць: гэты дзень для ўсіх, бо падкрэслівае важнасць моўнай культуры, без якой не існуе народа.

«Дыпламатыя слова» — так называўся круглы стол, які сабраў у Полацку пісьменнікаў і дзеячаў культуры з дзесяці краін. Назва сімвалічная, пагадзіліся госці, прызнаўшы адным з першых вядомых і вельмі паспяховых дыпламатаў ад беларускай культуры Францыска Скарыну. Таму невыпадкова, што праводзіліся паралелі паміж тым часам і нашым ХХІ стагоддзем, адзначаліся тэндэнцыі, закладзеныя асветнікам, што не страцілі актуальнасці дагэтуль, у першую чаргу — увага да слова і яго магчымасцяў, разуменне значнасці кнігі і чытання, місія, якую павінны выконваць у грамадстве людзі культуры. Можа быць, таму яго асоба ўсё такая ж прыцягальная: хочацца разумець яе лепш, ведаць усе акалічнасці жыцця і працы. А яшчэ, можа, чакаць столькі адкрыццяў, якія можна зрабіць толькі разам: шмат дзе пабываў і адзначыўся Скарына.

500-годдзе беларускага кнігадрукавання працягвае заставацца актуальнай тэматычнай прасторай для абмеркавання і ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях.

Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У Полацку сёння адбылася перадача эстафеты свята.