Рэспубліканскі завочны конкурс літаратурных работ «Пасланне настаўніку» абвешчаны ў Беларусі. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Конкурс праводзіцца сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў чатырох узроставых групах: ад 6 да 9 гадоў, ад 10 да 13, ад 14 да 18 і ад 18 да 25 гадоў.

Пісьмовая творчая работа можа быць напісана ў форме кароткага апавядання, паэмы, верша, эсэ на рускай ці беларускай мове. Асаблівая ўвага будзе надавацца матэрыялам, якія суправаджаюцца рознымі жанрамі медыямастацтва: відэаарт, відэаінсталяцыя (відэазапіс з чытаннем аўтарскага літаратурнага матэрыялу або ілюстрацыя тэксту відэамалюнкам), саўндарт (аўдыязапіс аўтарскай працы з выкарыстаннем музыкі і разнастайных гукаў). Работы трэба дасылаць на паштовы ці электронны адрас Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі nchtdm@maіl.ru з пазнакай «Пасланне настаўніку».

У пасланні ці прысвячэнні павінна раскрывацца роля настаўніка ў жыцці аўтара. Конкурсныя работы будуць ацэньвацца па наступных крытэрыях: адпаведнасць тэме, сацыяльная значнасць і змястоўнасць работ; творчы падыход, неардынарнасць і крэатыўнасць выканання матэрыялаў, стыль выкладання (выразнасць аўтарскага стылю, аўтарская інтанацыя, прыёмы падачы матэрыялу), інфарматыўнасць, арфаграфічная пісьменнасць.
Прадугледжаны два этапы. Першы — рэспубліканскі. Да 20 верасня ўдзельнікі павінны накіраваць свае работы ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. З 20 па 29 верасня экспертная група іх ацэньвае.
Другі этап — падвядзенне вынікаў, узнагароджанне прызёраў і пераможцаў, запрашэнне пераможцаў конкурсу на ўрачыстую сустрэчу, прысвечаную Дню настаўніка, якая адбудзецца 30 верасня 2016 года.
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на партале Міністэрства адукацыі ў раздзелах Сістэма адукацыі / Упраўленне сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай працы / Актуальна.

Надзея НІКАЛАЕВА Источник: http://zviazda.by/be/news/20160908/1473354937-konkurs-litaraturnyh-rabot-paslanne-nastauniku-abveshchany-u-belarusi