Магіляўчанкі Алена Чыгірова і Раіса Лініч з дзяцінства прывучаны чытаць кнігі. Гэтую звычку ім прывілі яшчэ ў Шклоўскай спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Там яны добра засвоілі навуку чытання рыльефна-кропкавага шрыфту. Француз Луі Брайль, які сам цалкам аслеп у 5 гадоў, зрабіў чалавецтву неверагодны падарунак — даў магчымасць чытаць нават пры адсутнасці зроку. Кнігі па Брайлю былыя выхаванкі спецыялізаванай установы навучыліся глытаць на адным дыханні. І хоць з таго часу прайшло больш за 50 гадоў, яны і цяпер першыя прэтэндэнткі на кніжныя навінкі. Для такіх, як яны, на базе дзіцячай бібліятэкі №2 у Магілёве дзейнічае спецыяльны абанемент. Там мы, дарэчы, і сустрэліся.
Алена Чыгірова зусім невідушчая, і без прыяцелькі — нікуды. У той вочы крыху рэагуюць на святло. У школе абедзве натхняліся такімі раманамі, як «Вайна і мір». Зараз хочацца чагосьці больш лёгкага. З аднолькавым інтарэсам чытаюць дэтэктывы, прыгодніцкую літаратуру, жаночыя раманы. І робяць гэта з неверагоднай хуткасцю.
Дарэчы, у Міжнародны дзень роднай мовы бібліятэка прадставіла магчымасць папрактыкавацца ў чытанні на беларускай мове. Прапанова карысталася вялікім поспехам.

З навінкамі ёсць магчымасць азнаёміцца ў бібліятэцы.
Пад знакам «Белага кія»
Па традыцыі на перыяд месячніка «Белы кій» бібліятэкай сумесна з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) (яны знаходзяцца ў адным будынку на вуліцы Цыялкоўскага, 10) запланавана шмат розных мерапрыемстваў — майстар-класы, інтэлектуальныя конкурсы, конкурс на лепшага чытальніка па Брайлю, трансляцыя гукавых кніжак з дапамогай гукавога буктрэйлера для мінакоў, сустрэча з тытулаваным параалімпійцам Ігарам Бокім. Каб асабіста ўпэўніцца, што людзі са страчаным зрокам таксама на нешта здольныя, трэба пабываць на выставе іх работ. А нядаўна арганізатары запрасілі на экскурсію вучняў восьмых і другіх класаў са школы №23. Некаторыя дзеці ўпершыню ўбачылі прадметы, якімі карыстаюцца інваліды, — белы кій, спецыяльныя падлогавыя вагі, вызначальнік узроўню вадкасці. Ім прадэманстравалі прыбор для пісання па Брайлю і грыфель, якім выбіваюцца кропкі. А потым правялі майстар-клас — паказалі буквар з выпуклымі малюнкамі і яны з заплюшчанымі вачыма спрабавалі адгадаць, што на іх намалявана.
У бібліятэцы іх уразіла чытаючая машына. Кладзеш на панэль тэкст, і металічны голас пачынае яго агучваць. Побач незвычайнага выгляду электронная лупа, з дапамогай якой павялічаны друкаваны тэкст выводзіцца на экран. Тут жа знаходзіцца абсталяванне, каб паслухаць дыск. Не ў кожнага ж дома ёсць такая магчымасць.
— Для нашых чытачоў страціць магчымасць прыходзіць у бібліятэку страшней за ўсё, — кажа Людміла Юманава і ўспамінае выпадак, як адна чытачка нават прыватызавала кватэру, каб толькі яе не перасялілі ў іншае месца. Адтуль ёй было б складана дабрацца да бібліятэкі. «І я яе вельмі разумею, — прызнаецца суразмоўца. — Для нашых чытачоў жыццё — гэта аднагодкі, крама і бібліятэка».
У тэму
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Наталля ПАНЦЯЛЕЕВА:
— Месячнік дапамагае прыцягнуць увагу да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку. Мы крыху асаблівыя, а таму больш бездапаможныя. Нават такія дробязі, як правільна падаць у краме здачу, для нас вельмі важныя. Абыякавыя людзі сыплюць металічныя капейкі проста на прылавак, а ўважлівыя — у далонь невідушчага. Калі б людзі часцей ставілі сябе на наша месца, яны б былі болей уважлівымі.
Шрыфт Брайля дапамагае нам адчуваць сябе больш упэўненымі ў сучасным грамадстве. На жаль, цяпер тактыльную кнігу выцясняе камп'ютар. З яго дапамогай можна слухаць літаратурныя творы, знаходзіць сяброў, стасавацца з імі. Але чытанне па Брайлю дае магчымасць быць больш пісьменным, адукаваным, дазваляе лягчэй сацыялізавацца. Насцярожвае, што сёння нават у спецшколах-інтэрнатах дазваляецца не вучыцца «чытаць рукамі». Памяншаецца попыт на тыфлапедагогаў, а кнігі па Брайлю амаль зніклі з нашага жыцця. Але так быць не павінна. Падчас экскурсіі па нашай арганізацыі адзін васьмікласнік, у якога няма праблем са зрокам, зацікавіўся азамі шасцікропкавага «брайлеўскага» шрыфту. Ён нават не ведаў, што такі існуе. Але Брайль зусім не ўчарашні дзень. Нездарма ад гэтага шрыфту не адмаўляюцца ва ўсім свеце. Некаторыя лекі суправаджаюцца надпісамі па Брайлю, ёсць спецыяльныя прынтары, іншая тэхніка. Усё гэта вельмі аблягчае жыццё ў цемры. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне развівацца, дасягаць чагосьці. У Магілёве ёсць хлопец, які вучыцца ў Кіеўскай семінарыі на свяшчэнніка і запоем чытае літаратуру на царкоўнаславянскай мове менавіта па Брайлю. Інакш гэту мову і не вывучыш. Рэлігійныя кнігі яму прывозіць з Санкт-Пецярбурга маці.
Нэлі ЗІГУЛЯ