Удзел ва ўрачыстым адкрыццi Еўразiйскай мiжнароднай кнiжнай выстаўкi-кiрмашу прыняў першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Беларусi Iгар Луцкi, адкрыла кнiжны форум дзяржаўны сакратар Казахстана Гульшара Абдыкалiкава. Яна пабывала i на беларускай экспазiцыi, азнаёмiлася з прадстаўленымi там выданнямi.

На выстаўцы прэзентаваны ўвесь спектр лiтаратуры, якая выдаецца ў Беларусi. У тым лiку краiназнаўчая, дзiцячая, вучэбная. На цэнтральнай пляцоўцы пасля ўрачыстага адкрыцця выстаўкi былi прэзентаваны кнiгi выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi». У беларускую экспазiцыю ўвайшлi таксама кнiгi Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтваў «Вышэйшая школа», «Мастацкая лiтаратура» i iнш.

Еўразiйская мiжнародная кнiжная выстаўка-кiрмаш будзе прадаўжацца да 12 лiстапада, паведамляе БЕЛТА. Гэта буйнейшае культурна-асветнiцкае мерапрыемства ў еўразiйскай прасторы, якое праходзiць напярэдаднi 25-годдзя Незалежнасцi Рэспублiкi Казахстан i аб'яднае на адной вялiкай iнтэлектуальнай пляцоўцы выдавецкiя, навукова-адукацыйныя i палiграфiчныя кампанii краiн СНД, Еўропы i Азii.