Яшчэ раней адзін з вершаў і байку Максіма Багдановіча стварыў нанава вядомы татарскі паэт Закі Нуры. Першы твор быў надрукаваны ў калектыўным зборніку беларускай паэзіі — «Беларускія паэты», які пабачыў свет у 1968 годзе. Другі — у часопісе «Казан утлары» («Агні Казані» — першы нумар за 1980 год). Закі Нуры, які нарадзіўся ў 1921 годзе, у час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі. Быў начальнікам разведкі партызанскага атрада Канстанціна Заслонава. Некаторы час пасля вызвалення Беларусі працаваў у Оршы. Закі Нуры быў вельмі ўважлівы да творчасці Янкі Купалы. Напісаў артыкулы пра народнага песняра Беларусі, яго повязь з татарскай літаратурай — «Паэт-патрыёт беларускага народа» (1957 год), «Янка Купала і яго нашчадкі» (1972 год). Пераклаў цэлы шэраг вершаў Купалы — «З кутка жаданняў...», «Усюды лета», «Мая навука», «Роднае слова», байкі «Бот і лапаць», «Асёл і яго цень».
Пра партызанскую барацьбу ў Беларусі Закі Нуры расказаў у зборніку апавяданняў «І мёртвыя помсцілі». Двойчы татарскі паэт быў госцем Беларусі, калі ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях, прысвечаных Янку Купалу, — да 80-, і 90-гадовага юбілеяў народнага песняра.
Зараз вершы Максіма Багдановіча — усяго дванаццаць твораў — пераклаў на татарскую мову народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. І надрукавана гэтая падборка ў штотыднёвай газеце «Мадані жомга» за 9 снежня 2016 года. Роберт Мінулін — вядомы ў Татарстане паэт, перакладчык, дзіцячы пісьменнік. У 2009 годзе ён быў госцем Дня беларускага пісьменства ў Смаргоні. Удзельнічаў у «круглым стале» беларускіх і замежных пісьменнікаў, які традыцыйна праводзіцца ў Беларусі пачынаючы з 2007 года. У Мінску сёлета выйшла кніга Р. Мінуліна «Адна сям'я», адрасаваная юным чытачам. Перакладчык вершаў на беларускую мову — Яна Явіч.
Аўтар: Кастусь Лешніца