Так лічыць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гутарку з Мікалаем Чаргінцом можна прачытаць у свежым нумары "Літаратуры і мастацтва".
- Добра наладжаная праца дазваляе нам развіваць літаратуру: штогод дзякуючы членам Саюза пісьменнікаў Беларусі выходзіць больш за 300 кніг як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных выдавецтвах. Прэзідэнт нас падтрымаў, калі сказаў: «Я баюся згубіць кнігу». Пакінуць без кнігі краіну нельга. Для гэтага самы лепшы шлях — умацоўваць пісьменніцкую брацію, патрабаваць ад яе таленавітых твораў. Прэзідэнт гэта і меў на ўвазе, калі сказаў, што нам патрэбныя «Узнятая цаліна» ці «Вайна і мір».
Падчас апошняй сустрэчы я адказаў, што ў нас ужо фактычна напісаная «Вайна і мір» — словамі Быкава, Шамякіна, Макаёнка, Танка і іншых выдатных творцаў, што сталі нашымі класікамі. Але нам трэба думаць пра тое, каб літаратура больш актыўна адгукалася на сучасныя тэмы. Пісьменнікі нібыта сцішыліся на некаторы час.
А калі ўважліва прыглядзецца да твораў, то прыдзе разуменне: беларуская літаратара працягваецца. Можа быць, нам, акрамя заснаваных серый і выдадзеных кніг, не хапае яшчэ клопату пра імідж пісьменніка — каб чытачу не засцілаў вочы экран камп’ютара. Але мы імкнёмся прыходзіць да чытача і праз інтэрнэт-прастору, абнаўляем сайт, каб рабіць аўтараў больш пазнавальнымі.