Як распавесці дзіцяці пра сапраўднае жыццё?
Развод бацькоў, смерць блізкіх, цяжкая хвароба, вайна, гвалт, адносіны паміж мужчынам і жанчынай… Гэтыя тэмы рэдка можна сустрэць у дзіцячай літаратуры, таму што традыцыйна краіна дзяцінства пазбаўленая цяжкіх праблем і няшчасцяў. Але гэта ў ідэале, а насамрэч з многімі праблемамі чалавек сустракаецца ўжо ў дзяцінстве, і сустрэчы гэтыя маюць розныя наступствы.
Некаторыя складаныя сітуацыі, дзякуючы асаблівасцям псіхікі і дапамозе дарослых, проста забываюцца, а іншыя пакідаюць страхі і комплексы. Усе дарослыя гэта разумеюць, а некаторыя нават бяруцца за небяспечную працу — напісаць дзіцячую кнігу на зусім не дзіцячую тэму. Чаму небяспечную? Таму што ў кожнага дарослага свая мяжа паміж дарослым і недарослым, і часта ўяўленні пісьменнікаў і бацькоў, у рукі якіх трапляюць дзіцячыя кнігі, могуць не супадаць. Аднак «дарослых» дзіцячых кніг становіцца ўсё больш, асабліва на Захадзе.
Як ні парадаксальна, дарослыя імкнуцца гаварыць з дзецьмі на дарослыя тэмы, таму што больш засцерагаюць іх, жадаюць пазбавіць праблем у будучыні. Парадаксальна, таму што «дарослая» дзіцячая літаратура ўзнікае не толькі на фоне большай свабоды літаратуры, тэлебачання, але і як своеасаблівы адказ на інфантылізацыю сучаснага грамадства, якая звязана з ростам матэрыяльнага дабрабыту, з наяўнасцю ўсё тых жа свабод і з’яўленнем масавай культуры. Змяніўся сам працэс выхавання.
Па-першае, бацькі год ад году губляюць лідарскія пазіцыі ў якасці аўтарытэтнага выхавацеля, ім даводзіцца сапернічаць з інфармацыйнай прасторай, якая зараз акаляе дзяцей.
Па-другое, мяняецца і сам інстытут сям’і, яе мадэль. Калі раней старэйшыя дзеці мелі магчымасць вучыцца адказнасці побач з малодшымі братамі і сёстрамі, то ў сучаснай аднадзетнай сям’і дзіця становіцца цэнтрам усеагульнай увагі.
Па-трэцяе, культ задавальненняў, які трансліруецца масавай культурай, прымушае чалавека ўжо з дзяцінства думаць пра камфорт, душэўны і матэрыяльны. Нават сённяшняя адукацыя арыентуецца на асобаснае навучанне, шмат увагі прысвечана развіццю асобы, а не ўзаемадзеянню гэтай асобы з грамадствам.
Атрымліваецца, што дзіцячая кніга на дарослыя тэмы — гэта ўсё тая ж спроба «спрасціць» жыццё дзіцяці, сфарміраваць як мага больш спрыяльныя ўмовы для яго будучыні. Такім чынам, кніга пра развод, смерць ці таямніцу нараджэння накіравана не на тое, каб парушыць далікатны свет дзяцінства, а на тое, каб з дзяцінства прышчапіць правільнае стаўленне да гэтых з’яў і выпрацаваць патрэбны алгарытм паводзін. Матыў добры, але ці не атрымаецца ў выніку сітуацыя з вядомага міхалкоўскага верша «Пра мімозу», калі мы, дарослыя, занадта засцерагаем дзіця, не пакідаючы яму шансу на самастойнае знаёмства з рэчаіснасцю? У любым выпадку, дзіцячая літаратура змяняецца, у ёй з’яўляюцца дарослыя тэмы, і вельмі важна, каб пры гэтым яна заставалася ў першую чаргу літаратурай, а не дапаможнікам па навучанні даросламу жыццю.
Яшчэ адна важная праблема. У дарослых розныя погляды на адзначаныя з’явы, якія залежаць ад многіх фактараў: стаўленне да рэлігіі, уласны досвед і іншае. Так, неадназначную ацэнку атрымала «Кніга пра смерць» шведскай пісьменніцы Пернілы Стальфельт, у якой з дзіцячым гумарам распавядаецца не толькі пра шматлікія версіі наконт таго, што адбываецца з чалавекам пасля яго сыходу з жыцця, але і пра атрыбуты дадзенай тэмы: пахаванне, завяшчанне... Такая кніга нібы дапамагае дзіцяці пераадолець адзін з галоўных дзіцячых страхаў, а з іншага боку, можа гэты ж страх развіць, бо адназначнага адказу наконт таго, што адбываецца з чалавекам пасля смерці, у кнізе так і няма.
У той жа пісьменніцы ёсць яшчэ адна кніга на дарослую тэму — «Кніга пра каханне», якая не абмінае сферу інтымных адносін, у тым ліку ў аднаполых парах. Кнігі-варыяцыі на тэму «адкуль я ўзяўся» — не рэдкасць у апошні час, аднак і цяпер няма адзінага погляду ні ў псіхолагаў, ні ў педагогаў пра карысць такіх кніг. У айчыннай літаратуры няма такіх кніг, аднак сама тэма закранаецца некаторымі аўтарамі. Прычым погляды пісьменнікаў супадаюць: асноўным вектарам адносін паміж жанчынай і мужчынам павінна заставацца каханне, а не сексуальнае выхаванне.
Апошнім часам пашырылася тэндэнцыя да стварэння казачных аповесцей, якія могуць мець шмат частак. Дзякуючы гэтаму ў аўтараў з’явілася магчымасць надаць значна больш увагі сацыялізацыі свайго героя, выбудаваць больш выразную і разгалінаваную сістэму персанажаў. Дзеці-героі сталі хутка «абрастаць» сваякамі. Пры гэтым з’яўленне дарослага ў дзіцячым свеце непажаданае. Літаратурныя казкі ілюструюць не толькі мікраклімат у сучаснай сям’і, але і стан дзіцяці, якому даводзіцца адчуваць на сабе разлад у адносінах паміж бацькамі.
У гэтым сэнсе паказальныя творы Таццяны Сівец «Самы лепшы падарунак» і Алены Масла «Пакінутае дзіцяці». Твор Т. Сівец — казачная аповесць, дзе галоўная гераіня Танечка на ўласным досведзе спазнае дарослыя праблемы. Трэба адзначыць, што «прыдумка» як жанрастваральны элемент у творы дастаткова ўмоўная. Да праяў цуду можна аднесці залатую рыбку, якую дзеці бачаць у вазе, з’яўленне Адзінокай Хваробы, аднак пры гэтым верагодна, што залатая рыбка апынаецца пялёсткам ад кветкі, а дзіўную істоту дзяўчына магла ўбачыць падчас трызнення, калі хварэла. Такім чынам, цуд «прыдуманы» не аўтарам, а гераіняй твора. Магчыма, гэта звязана з тым, што чытацкі адрас твора шырэйшы за дзіцячую аўдыторыю. Твор як адлюстраванне перажыванняў дашкольніка становіцца карысным і для дарослага. У першай частцы казкі «Разбіты кубак» на дзяўчынку сварацца за разбіты посуд, а вечарам яна падслухоўвае спрэчку бацькоў. У свядомасці маленькай Таццяны гэтыя дзве з’явы звязаныя. Раніцай адбываецца тое, што маленькай дзяўчынцы цяжка прыняць: «Гэта дарослыя справы, Таня. Твой тата застанецца тваім татам. Проста ён не будзе жыць з намі, — мама імкнецца сказаць гэта бадзёра, нават весела, як пра нешта будзённае, нібыта кажа, што яны пойдуць разам у парк на выхадных».
Нягледзячы на ўсю правільнасць слоў маці, яе настрой, Таня адразу адчувае сваю віну за тое, што адбылося, нібыта бацька пайшоў з дому толькі праз разбіты кубак. Як правіла, класічнай рэакцыяй на развод бацькоў, па сцвярджэнні псіхолагаў, з’яўляецца злосць і пачуццё віны. Апошняе якраз і знайшло адлюстраванне ў творы. Амаль да канца казкі аўтар не вяртаецца да адзначанай праблемы, аднак гераіня адчувае пэўнае расчараванне ад дзеянняў дарослых. Магчыма, залішняя фантазія як вынік адмаўлення ад кепскай рэчаіснасці і становіцца вынікам такога расчаравання. У канцы твора дзяўчынка і маці святкуюць Новы год, аднак у абедзвюх думкі зусім не святочныя: «Ён прыйдзе, — шэпча Танечка маме. — Я ведаю. Я загадала, калі задзьмувала свечкі на торце ў дзень народзінаў. І Дзеда Мароза я папрашу. Ён абавязкова прыйдзе». Самым лепшым падарункам у такіх умовах становіцца менавіта прыход бацькі, якога чытач кнігі так і не дачакаецца. У творы ўзнімаюцца і іншыя дарослыя праблемы: што такое смерць, вяселле, чым заканчваецца сапраўдны бунт.
Кніга А. Масла «Пакінутае дзіця» пачынаецца са своеасаблівай крытыкі ўсім вядомай версіі з’яўлення дзяцей: «Як ілгуць маленькім дзецям, калі кажуць, што іх скінулі ў двор, кружачы над хатай, буслы. Або што іх знайшлі ў капусце». Насамрэч, на думку аўтара, дзяцей стварае Бог, яны жывуць у Краіне Шчасця і чакаюць свайго прызначэння, а менавіта дня, калі ў выглядзе зерня іх перададуць тату, а ён аддасць зерне маці. Аднак у казцы здараецца нечаканае: тата кідае маці, а разгубленая маці ў сваю чаргу пакідае дзяўчынку ў радзільным доме. Далейшы шлях дзяўчынкі нешчаслівы: прыёмныя бацькі далі ёй матэрыяльныя каштоўнасці, але не здолелі палюбіць. У выніку дзяўчынку забіраюць назад у Краіну Шчасця анёлы. Выхаваўчы аспект казкі відавочны: бацькі павінны разумець адказнасць за будучае дзіця. Прычына безадказнасці бацькоў ніяк не звязана са сферай інтымных адносін паміж імі, іх ведамі ў гэтай галіне, аднак у якасці зыходнай кропкі жыцця аўтар абірае каханне. Такім чынам, пісьменніца выступае не за сексуальнае выхаванне, а за выхаванне маральна-этычных адносін паміж мужчынам і жанчынай.
Гэтая праблема адзначана ў аповесці Валера Гапеева «Урокі бяспечнага кахання», дзе самі падлеткі абвінавачваюць дарослых: старэйшыя насаджаюць думку пра выключную неабходнасць кантрацэпцыі ў адносінах паміж хлопцам і дзяўчынай, а не кахання. Аповесць падлеткавая, але праблема, пастаўленая ў ёй, адрасаваная ў тым ліку дарослым, якія вырашаюць закрануць з дзецьмі так званае палавое пытанне. Сапраўды, ці правільную канстанту выбіраюць пісьменнікі, педагогі, бацькі, калі залішне прыніжаюць юнацкае пачуццё. Зразумела, што для падлеткавай літаратуры тэма інтымных адносін — адна з цэнтральных, аднак заходнія аўтары прапануюць так званую тэму сексуальнага выхавання і для малодшых дзяцей. І вось тут твор В. Гапеева адлюстроўвае галоўную супярэчнасць сітуацыі — крывадушную пазіцыю дарослых датычна гэтай тэмы. Распавесці дзецям пра секс — гэта значыць у нейкім сэнсе занізіць іх пачуцці да звычайных інстынктаў, паведаміць, што галоўнае ў інтымных адносінах — правільная кантрацэпцыя і больш нічога. У гэтым сэнсе наша літаратура, на шчасце, застаецца кансерватыўнай і традыцыйнай. А. Масла гаворыць пра адказнасць бацькоў, пра любоў да дзіцяці, прытым што сюжэт казкі адпавядае нярэдкім сёння выпадкам, калі людзі імкнуцца атрымаць толькі задавальненне, а не клапаціцца пра іншых.
Нягледзячы на складанасць праблемы, трэба трымаць у думках, што «дарослымі» дзіцячымі кнігамі аўтары дакладна не хацелі нарабіць шкоды дзецям. У гэтым сэнсе вельмі трапным будзе меркаванне Людмілы Сцяпанавай у часопісе «Пераплёт», адзін нумар якога быў цалкам прысвечаны адзначанай праблеме. «Я схільная заявіць: у дзіцячай літаратуры дазволена ўсё, калі змест гэтага “ўсяго” вызначаны праніклівым клопатам аўтара пра лёс духу дзіцяці, праўдзівай крыніцай будучыні, будучыні, перад якой сучасныя дарослыя такія разгубленыя. Вось і ўзнікаюць дзёрзкія эксперыменты з тэмамі і сюжэтамі ў дзіцячай кнізе».
Аўтар: Таццяна Пятроўская