Францыск Скарына і музыка — што можа звязаць галоўную постаць беларускага адраджэння і прыгожае гучанне?.. Што ігралі ў часы першадрукара? Ці слухаў ён сам музыку і дзе мог яе пачуць? Адказ на гэтыя і многія іншыя пытанні карэспандэнт "Звязды" атрымала ад лаўрэата міжнародных музычных конкурсаў, "галоўнага фагатыста" краіны, дырыжора Аляксея Фралова. 12 лютага ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ён разам з Дзяржаўным камерным хорам, аркестрам"Сареllа Асаdеmіа" і трыа "Вытокі" прадставіць праграму да 500-годдзя беларускай Бібліі і беларускай Рэфармацыі "На пачатку было слова. Музычнае прысвячэнне Францыску Скарыну і Марціну Лютэру". А напярэдадні згадзіўся падзяліцца з нашымі чытачамі сваімі думкамі пра першадрукара і пра тое, якая музыка яго натхняла і атачала. Расказвае Аляксей Фралоў.

Лаў­рэ­ат між­на­род­ных кон­кур­саў, фа­га­тыст і ды­ры­жор Аляк­сей Фра­лоў.

Лаў­рэ­ат між­на­род­ных кон­кур­саў, фа­га­тыст і ды­ры­жор Аляк­сей Фра­лоў

"Герой усіх часоў"

— Францыск Скарына — герой усіх часоў нашага народа. Сэнсам свайго жыцця і дзейнасці ён бачыў тое, каб даць нашаму народу Біблію на роднай мове. Гэта каласальны ўчынак — чацвёртая Біблія ў свеце, надрукаваная на нацыянальнай мове, пасля чэшскай, нямецкай і італьянскай. Для гісторыі сусветнай цывілізацыі — фенаменальная з'ява: можна сказаць, што беларусы — наперадзе планеты ўсёй. Гэта сведчыць пра спеласць грамадства таго часу, патрэбу ў ведах. Сведчыць пра скарынаўскую мудрасць і гатоўнасць да такой працы, пра кемлівасць — па ўсіх параметрах ён падрыхтаваўся і зрабіў. У той час у заходніх краінах Біблія была на лацінскай мове, ва ўсходніх — на старабалгарскай, або царкоўнаславянскай. А данесці яе на мове народа — гэта сапраўды рэфармацыйны ўчынак. Таму прадстаўнікі розных цэркваў таго часу нават называлі яго "гусітам" і абвінавачвалі ў тым, што ён паддаўся ўплыву няправільных поглядаў. Сёння мы разумеем, наколькі смехатворнымі былі гэтыя закіды, але ў той час яны ўспрымаліся сур'ёзна. Усе мы ведаем, як Скарына ездзіў у Маскоўскае княства і спрабаваў там папулярызаваць Біблію на нашай, больш зразумелай ім (чым старабалгарская) мове. Але адтуль яму давялося ўцякаць.

"На 8 гадоў раней за выданне па-англійску"

— Мы павінны разумець, што сёлета адзначаем не толькі юбілей Скарыны, але і 500-годдзе перакладу Бібліі на блізкую нашаму народу мову. Хоць да старабеларускай мовы ён яшчэ толькі набліжаўся і не ўвасобіў яе так, як тыя, хто пісаў Статуты ВКЛ. Але што каштоўна, ён аздобіў біблейскія тэксты сваімі назіраннямі, разважаннямі, філасофскімі ідэямі. І гэта таксама рэфармацыйны крок — пачаць дыскусію з нагоды Святога Пісання. Гэта было новым дыханнем у хрысціянскай думцы. Супрацоўнік Брытанскага і Замежнага Біблейскага таварыства Уілфрыд Уайзман яшчэ ў 1928-м годзе напісаў: "Беларусы — адзін з першых народаў, які надрукаваў Пісанне на сваёй мове. Гэта было ў 1517 годзе, на 8 гадоў раней за першае друкаванае выданне па-англійску. Можна ўявіць, якімі б былі цяпер беларусы, калі б пераслед і ўціск веры ў канцы ХVІ стагоддзя не прывялі народ да заняпаду".

"Музыка, якая пісалася на нашай зямлі"

— Скарына і музыка — што ў іх агульнага?.. Гэтым пытаннем задаваліся на працягу многіх дзесяткаў гадоў. Амаль да канца савецкай эпохі нам імкнуліся давесці праз падручнікі, што гісторыя беларускай прафесійнай музыкі пачалася з 1917 года, дзякуючы ўказам Леніна і Луначарскага "Аб заснаванні музычных арганізацый". Дасведчаныя людзі здзіўляліся, як жа так?.. Ёсць беларуская архітэктура, літаратура, жывапіс, якія маюць даўнюю гісторыю, ёсць постаць Скарыны, але няўжо ніхто нічога не іграў і не спяваў, няўжо такая маўклівая нацыя была?.. Гэта непаразуменне працягвалася да таго часу, пакуль не знайшлося некалькі чалавек, што пачалі прадзірацца скрозь завалы хлусні. Высветлілася, што, вядома ж, былі! Натуральна, гэта спадчына пацярпела матэрыяльна — нотныя творы з эпох Рэнесансу, Барока, нават Класіцызму мала захаваліся, іх парасцягвалі па бібліятэках, па архівах замежжа. А тое, што было апублікавана, было "зацёрта" як наша — яму прысвоілі іншыя геаграфічныя параметры. Але калі разабраліся, то высветлілася, што гэта музыка, якая пісалася на нашай зямлі, пісалася для яе, кампазітарамі мясцовага паходжання. Дазволена было паказваць толькі фальклор — бо гэта народнае і дэманстравала сацыяльны клас. Аднак у выніку працы над беларускай Атлантыдай адкрылася музыка розных класаў, эпох, усплыла музыка арыстакратычная, духоўная, прычым розных канфесій.

"Біблія — гэта фундамент, канструкцыя, шпіль і крыж на ім"

— Музычнае святкаванне распачнецца канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аднак у нас будзе не адзін канцэрт, а цэлы цыкл — з салістамі ансамбля "Вытокі", капэлы "Акадэмія", дзяржаўным камерным хорам. Да праекта далучацца Нацыянальны мастацкі музей, Мірскі замак, якія дадуць свае пляцоўкі. Мы будзем асвятляць розныя старонкі музычнай спадчыны, так ці іначай звязаныя са Скарынам. А ў першай праграме разглядаем уплыў Бібліі на музычную культуру і культуру ў цэлым. Для эпохі Рэнесансу і Барока Біблія — гэта і фундамент, і канструкцыя, і шпіль, і крыж на ім. Музыка напаўняла гэту структуру, ідэяй якой была папулярызацыя Святога Пісання. З гэтымі пазіцыямі сінхранізуецца Рэфармацыя, распачатая Марцінам Лютэрам. Наш першы канцэрт прысвечаны дзейнасці Скарыны і Лютэра, якія ішлі паралельна. У музыцы можна будзе пачуць, што было перадумовай думак першадрукара. Упершыню будзе пастаўлены харал Яна Гуса, які быў напісаны за 100 гадоў да выхаду першай кнігі Скарыны. Прагучыць харал самога Марціна Лютэра, які, як вядома, быў таленавітым у многім, у тым ліку ў музыцы. Прагучаць беларускія творы ХVІ стагоддзя. Будуць выкананы і сапраўдныя шэдэўры, якія маркіруюць эпоху, — Баха і Гендэля.

Аляк­сей Фра­лоў,  Іры­на Аў­дзе­е­ва, Сяр­гей Ма­хаў —  ан­самбль са­ліс­таў «Вы­то­кі» ў Падуанскім універсітэце ля мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыну.

Аляк­сей Фра­лоў, Іры­на Аў­дзе­е­ва, Сяр­гей Ма­хаў — ан­самбль са­ліс­таў «Вы­то­кі» ў Падуанскім універсітэце ля мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыну

"Што ігралі трубачы на замкавай вежы..."

— Скарына, пэўна ж, чуў музыку на базарных плошчах у Полацку, Вільні, пазней у Кракаве, Празе, італьянскіх гарадах. Думаю, ён кантактаваў з музыкамі — мог падысці, даць манету, аддзячыць за музіцыраванне — па яго партрэце і ўчынках ён уяўляецца мне добрым чалавекам. Мог чуць музыку на прыёме ў вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага, а па сумяшчальніцтве караля польскага Жыгімонта Старога, які выпісваў яму ахоўную грамату ва ўсе краіны свету. Гэта была не проста "шэнгенская віза" ў сучасным разуменні, а ліст, які сведчыў, што гэта вялікі муж, якога трэба шанаваць і спрыяць яму па загадзе самога князя і караля. Ён, пэўна ж, чуў высокую прыдворную музыку і на прыёмах у Вільні, Кракаве. Слухаў, што ігралі трубачы на замкавай вежы, вітаючы князя, які заязджаў у горад... Аскепкаў той музычнай культуры Беларусі каля 200 — і яны зафіксаваны ў "Полацкім сшытку".

"Пік росквіту нашага народа"

— Эпоха Скарыны — гэта "залаты век" нашай гісторыі. Нягледзячы на ваенныя дзеянні, якія здараліся час ад часу, магутнасць нашых продкаў і іх дзяржаў была надзвычайнай. У наступныя эпохі будзе больш хваравітасці, спрэчак, унутраных канфліктаў... Але тут — пік росквіту нашага народа. Мы павінны з удзячнасцю ўшаноўваць гэтыя даты — яны плацінавыя. 500-годдзе больш не паўторыцца ніколі. Каб не было тых людзей і іх учынкаў, не было б, па сутнасці, еўрапейскай цывілізацыі, у тым ліку нашай дзяржавы, нацыянальнага самаўсведамлення. Мы б не ведалі "кім звацца?", "а хто там ідзе?" — і адказаў на іншыя сакраментальныя пытанні. Дзякуючы Скарыну, наш народ быў выведзены на вяршыню культурнага прагрэсу. Аўтар: Ніна Шчарбачэвіч