Тэза 1. Ці чулі вы пра «Мінскую ініцыятыву»? Для тых, хто не ведае, падкажам, што нарадзілася «Мінская ініцыятыва» летась у Сілічах. Гуртуе, як правіла, маладых пісьменнікаў Беларусі, Малдовы, Украіны і Расіі (але могуць далучацца і прадстаўнікі іншых краін). Арганізатары — некамерцыйны Фонд сацыяльнаэканамічных і інтэлектуальных праграм (Фонд СЭІП) пры падтрымцы Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях і пры ўдзеле Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

                                     Каля помніка Аляксандру Пушкіну ў сяле Долна Леташні форум у Мінску прайшоў, што называецца, на ўра. А сёлета, у разгар лета, халоднага для беларусаў, расіян і ўкраінцаў, а для гаспадароў — у самы прыпар цяпла, Фонд СЭІП ладзіў такі міжнародны фестываль ужо ў Малдове — недалёка ад Кішынёва. Сустрэча атрымала даволі амбітную назву — «Час вялікіх спадзяванняў» («Время больших ожиданий»). Сімвалічна, што фестываль «Час вялікіх спадзяванняў» прайшоў у Малдове адразу пасля таго, як Беларусь наведалі Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон і Прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Фестываль — свята, нястрымнае выкрасанне весялосці, радасці сяброўскіх сустрэч і… кахання. А як на форуме праходзілі «гарачыя будні» маладых паэтаў, як выглядае маладая літаратурная змена Беларусі на фоне іншых творчых дэсантаў з Расіі, Малдовы, Украіны? Ці можам мы ганарыцца маладымі талентамі таксама яшчэ вельмі маладой Беларусі? Упэўнены: можам і абавязаны. Краіна павінна ведаць сваіх герояў. Нездарма амаль усе тыя маладыя творцы — сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі. З такім папаўненнем айчынную пісьменніцкую суполку можна толькі павіншаваць! Тэза 2. Пра каманду. Час выйсці з ценю. Так кажуць на Захадзе. На Усходзе (вуснамі найперш Мікіты Міхалкова) — сціпласць — прамы шлях у невядомасць. У Беларусі кажуць, што гэта за хлопец ці дзяўчына, якіх трэба паказваць. Трэба, каб пыталіся: «Чый гэта, чыя гэта, такія ўдалыя?» Маладая каманда падабралася сапраўды ўдала. Кожны з удзельнікаў мог прасаліраваць (калі была нагода) у песнях, а таксама «ўзяць агонь на сябе» ў чытанні вершаў, ды разам не адну гадзіну трымаць у зацікаўленым напружанні ўвесь фестывальны бамонд: днём — на майстар-класах, творчых сустрэчах, у дыскусіях і круглых сталах, а на сыходзе дня — не адзін вечар і нават не адну цёплую малдаўскую ноч выконваючы ўласныя вершы ды беларускія народныя і бардаўскія песні ў пансіянаце «Дачыя Марын» (горад Вадул-луй-Водэ, за 25 кіламетраў ад Кішынёва). Беларуская дэлегацыя была заўважная ва ўсім: у песнях, вершах, культурнай праграме. Так, эпатажны паэт і празаік Дзмітрый Юртаеў калі і чытаў беларускія вершы на публіку, дык толькі з-пад самай столі, стоячы на двух крэслах ці на лесвіцы. Алена Басікірская — лагодная і разам з тым актыўная ў вершаскладанні і перакладах на беларускую мову (чаго вартае адно перастварэнне верша Канстанціна Сіманава «Жди меня»!), душэўная і адкрытая, сапраўдная паэтка з глыбінкі, супрацоўніца раённай газеты «Міёрскія навіны». Людміла Клачко, паэтка са сваім «цвятаеўскім» позіркам на рэчаіснасць, мроістая, таямнічая, амбіцыйная, — выпускніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць», дзе кадры рыхтуе і знаны арганізатар алімпіяд па беларускай мове Уладзімір Куліковіч. У дэлегацыі СПБ — і лаўрэат прэстыжных прэмій, конкурсаў у Брэсце, Маскве, Мінску, выпускніца фізфака БДУ, фізік-радыёлаг Таццяна Купрыянец. Паэтка і празаік Яна Явіч да ўсяго актыўна піша пра літаратурнае жыццё краіны. Варта падкрэсліць і ўдзел Ганны (Ханны) Чумаковай з Віцебска, якая прыехала на форум, як і належыць выканаўцу ўласных беларускамоўных бардаўскіх песень, з гітарай і незвычайным музычным інструментам, які гучаннем нагадвае музыку дажджу (усё гэта ніколечкі не замінала паэтцы ў вандроўцы, нягледзячы на чатырохразовае перасячэнне дзяржаўных межаў, — дарэчы, дарога цягніком толькі ў адзін бок займала амаль 26 гадзін!). У фестывальнай праграме — памерам у 40 старонак — можна было знайсці біяграфіі і інфармацыю пра творчыя набыткі ўсіх удзельнікаў, штодзённы расклад працы семінараў па прозе, паэзіі, а таксама творчых сустрэч і дыскусій. Праграма выконвалася скрупулёзна. Надзвычай цікавым стала наведванне сядзібы памешчыка Ралі ў сяле Долна, дзе гасцяваў калісьці А. С. Пушкін, які пасля стварыў паэму «Цыганы». Шмат старадаўніх артэфактаў і ў музеі паэта. Тэза 3. Каб ведаць, што робіцца ў тваім сяле, трэба пабываць у суседнім. Самымі «забойнымі» ў межах семінара атрымаліся майстар-класы па паэзіі: кіраўнікі, сярод якіх — старшыня Асацыяцыі рускіх пісьменнікаў Малдовы Алеся Рудзягіна, паэты Марыя Ватуціна ды Андрэй Каровін (Расія) і Уладзімір Кадэнка (Украіна), ды самі ўдзельнікі, часам каменя на камені не пакідалі ад паэтычных экзерсісаў калег па пяры. Здараецца, што аўтар збірае залы, калі пад гітару выконвае песні на ўласныя вершы, а пры дэталёвым разборы на майстаркласе аказваецца, што яго творы «рассыпаюцца», не ўражваюць, не пакідаюць значнага следу ў душы і, што яшчэ горш, грашаць тэхнічнымі, рытмічнымі хібамі. Пытанням паэтыкі верша і паэтычнага выказвання, праблемам літаратуразнаўства і лінгвістыкі надавалася асаблівая ўвага. Кожны майстар-клас садзейнічаў узбагачэнню паэтычнай культуры, засваенню канкрэтных пытанняў слоўнага мастацтва. Асабліва ж каштоўным стаўся аналіз адметнасцей канкрэтнага верша і выкарыстання вобразна-выяўленчай палітры, свежасці і навізны зместу. Тут беларускія паэты зарэкамендавалі сябе гожа і адметна. Можа, нават за кошт таго, што амаль кожны з іх прадставіў на «высокі суд» свае творы на роднай мове. Прыкладам, Алена Басікірская прапанавала не толькі ўласныя вершы, але і пераклады на беларускую, з якіх у яе можа выйсці ладная кніжка. Заслугоўвае асаблівай увагі і выданне Ганны Чумаковай «БлокNot.Интим», якое пабачыла свет якраз сёлета. Праз свае пачуцці, думкі, эмоцыі, меркаванні паэтка імкнецца сцерці і без таго ілюзорную мяжу паміж чытачом і пісьменнікам, творцам і тэкстам, «ператварыць прамую ў прамень», каб стаць эмоцыяй мастака, які ў кожным радку «дыхае ва ўнісон» са сваім чытачом. Гожа прадставілі сваю творчасць Людміла Клачко і Таццяна Купрыянец. Тэза 4. Нельга выцягваць усходы рукой, каб яны хутчэй раслі. Майстар-класы па прозе выдаліся меней драматычнымі і займалі больш часу. Мастацкія творы (эсэ, апавяданні, аповесці, раманы ці ўрыўкі з іх, творы для дзяцей) загадзя дасылаліся ўдзельнікам семінара па электроннай пошце, таму і разгляд іх атрымліваўся больш падрабязным і грунтоўным. Тон тут задавалі доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі і публіцыстыкі факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава Уладзімір Новікаў, празаік, намеснік загадчыка аддзела прозы часопіса «Новый мир» Вольга Новікава, пісьменнік Андрэй Дзмітрыеў і аўтар гэтых радкоў. Ад беларускай дэлегацыі разглядалася неардынарная «рубленая» проза Дзмітрыя Юртаева, частка кнігі для дзяцей Яны Явіч «Уцёна хоча ведаць», а таксама ўрыўкі з рамана Максіма Маткоўскага (Украіна), апавяданні цікавага і няўрымслівага студэнта з Украіны Сяргея Савіна, сцэнарыста, кінадраматурга Жэні Дзекінай з Масквы, проза для дзяцей Таццяны Арловай-Валошынай з Кішынёва, літаратурнага крытыка Уладзіміра Каркунова, проза рэжысёра і актрысы Леры Чабатаровай. Леў Талстой гаварыў, што, калі ён апускаў пяро ў чарнільніцу, выцягваў адтуль кавалачак уласнага сэрца, «кропельку ўласнай крыві». Такое патрабаванне было і да твораў удзельнікаў фестывалю. Тэза 5. Ці можна вывучыцца на пісьменніка? Што маглі дадаць да праяўлення таленту тыя тры-чатыры дні літаратурнай вучобы? Калі занятак літаратурай называць прафесіяй, дык неабходна дадаць, што гэта прафесія, якую выбіраем не мы, а якая сама нас выбірае. Пішуць тады, калі не могуць не пісаць. У нашы дні да сапраўднага таленту даўно перасталі ставіцца як да самароднага золата. Варта перагледзець нашы падыходы да таленавітай і па-сапраўднаму адоранай літаратурнай моладзі. Калісьці падчас сустрэчы са студэнтамі Літінстытута ў Маскве празаік Міхаіл Прышвін выказаў думку пра мастацтва як самаадчуванне, як стан душы, як паўсядзённыя паводзіны — не ў тэатры, не на вуліцы, не сярод гасцей... Калі ты вырашыў займацца літаратурай не толькі ў часы адпачынку, калі гэта для цябе не простае баўленне часу, рабі ўсё мажлівае, каб яна была для цябе не проста прыгожым заняткам, стварай біяграфію, жыві адным жыццём са сваімі героямі, будзь не назіральнікам падзей, а іх непасрэдным удзельнікам. Каб апынуцца не на ўзбочыне, а ў цэнтры жыцця. Аўтар: Уладзімір НАВУМОВІЧ