Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У Полацку сёння адбылася перадача эстафеты свята.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што цяперашні Дзень пісьменства ў Полацку насычаны мноствам разнастайных мерапрыемстваў. "Наступны Дзень пісьменства юбілейны, і гэта абавязвае таксама правесці свята на высокім узроўні", - падкрэсліла яна.

Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук выказаў словы падзякі ад жыхароў Полацка за права правесці Дзень пісьменства ў Полацку ў трэці раз. "Палачане зрабілі ўсё, каб свята атрымалася. І мы перадаем эстафету гораду Іванава. У добры шлях, Дзень пісьменства", - сказаў кіраўнік раёна. У сваю чаргу старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падкрэсліў, што дэлегацыя Іванава з вялікім задавальненнем прыняла ўдзел у святкаванні Дня пісьменства ў Полацку, які з'яўляецца гістарычным цэнтрам культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У горадзе, які быў удастоены гонару прымаць першы Дзень беларускага пісьменства. "Мы ганарымся тым, што у 2018 годзе месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства абраны наш горад Іванава - старажытны Янаў, які багаты гістарычнай спадчынай і духоўнымі традыцыямі народа. На Іванаўшчына пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Наша зямля ўзгадавала многіх сучасных літаратараў", - сказаў Юрый Бісун. Ён выказаў упэўненасць, што Іванава годна прыме гасцей і пазнаёміць са сваёй спадчынай. Аўтар: БЕЛТА